ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2374
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Публіцыстычны стыль
Публіцыстычны стыль – функцыянальная разнавіднасць літаратурнай мовы, якая выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі, агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях. Названы стыль выконвае дзве функцыі: інфармацыйную (паведамленне пра навіны, падзеі, з’явы грамадскага жыцця) і агітацыйную (фарміраванне грамадскай думкі, правядзенне ў жыццё пэўнай палітыкі, ідэалогіі). Публіцыстычныя творы ўздзейнічаюць на розум чытачоў і слухачоў шляхам лагічных доказаў і экспрэсіўнага пераканання, а на пачуцці – праз эмацыянальнасць і вобразнасць мовы. Публіцыстыка – гэта слоўнае мастацтва, дзе важна не толькі, што гаворыцца, але і як гаворыцца.
У публіцыстыцы адкрыта выяўляецца пазіцыя аўтара, які не толькі апісвае падзеі і факты, але і выражае свае адносіны да іх. Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка названага стылю адрознівае яго ад навуковай і афіцыйна-справавой мовы.
Сярод агульных рыс публіцыстыкі варта адзначыць таксама агульнадаступнасць, падкрэслены сацыяльны характар, уключэнне элементаў іншых стыляў, стандартызаванасць, часам нават шаблоннасць выражэння думкі.
З усіх функцыянальных стыляў публіцыстычны – самы разгалінаваны. У ім вылучаюць наступныя падстылі:
газетна-публіцыстычны;
радыёжурналісцкі і тэлежурналісцкі;
аратарскі (палітычнае красамоўства).
Выбар моўных сродкаў абумоўлены не столькі падстылем, колькі жанрам публіцыстыкі. Жанры таксама дзеляцца на групы:
інфармацыйныя(рэпартаж, інтэрв’ю, інфармацыя, хроніка);
аналітычныя(карэспандэнцыя, рэцэнзія, артыкул, агляд, пісьмо);
мастацка-публіцыстычныя(нарыс, замалёўка, фельетон, памфлет, эсэ).
Жанры публіцыстычнага стылю
Інфармацыйныя жанры:
Інтэрв’ю – гутарка журналіста з адной ці некалькімі асобамі па якіх-небудзь актуальных пытаннях. Мае патрэбу ў дэталі, у цікавай фактычнасці, якая не проста ўпрыгожвае матэрыял, а надае сваёй нечаканасцю дадатковую сэнсавую нагрузку, дазваляе ўбачыць з’яву з нечаканага боку. Задача, якая стаіць перад карэспандэнтам, – апрацаваць мову так, каб яна падыходзіла да кніжна-літаратурнай нормы і ў той жа час мела адценне размоўнага стылю, каб за праўкамі не прапала індывідуальнасць маўлення субяседніка;
Інфармацыя – кароткае паведамленне пра становішча спраў у пэўнай галіне, аб чыёй-небудзь дзейнасці;
Рэпартаж – аператыўнае паведамленне ў друку, на радыё ці тэлебачанні пра якія-небудзь здарэнні, падзеі, сведкам ці ўдзельнікам якіх з’яўляецца сам карэспандэнт;
Хроніка – кароткае паведамленне пра значны факт (падзею), абавязкова з указаннем на дату, месца (мае, як правіла, гістарычны характар).
Аналітычныя жанры (ім уласціва абагульненне фактаў, вывады):
Агляд – некалькі кароткіх паведамленняў пра з’явы, падзеі, факты, якім-небудзь чынам аб’яднаныя паміж сабой (агляд падзей культуры – сферай, можа быць звязаны часам, месцам: мінскія / віцебскія навіны і г.д.);
Артыкул – публіцыстычнае сачыненне на актуальную, злабадзённую тэму (абавязкова мае сюжэт: завязка (уступ), фактычна замацаванае развіццё думкі, вывады (развязка));
Карэспандэнцыя – паведамленні пра падзеі, дасланыя аднекуль у газету, часопіс;
Рэцэнзія – крытычны водзыў на раней змешчаны ў перыёдыцы матэрыял або на спектаклі, выставы ці інш. падзеі грамадска-культурнага жыцця;
Ліст (пісьмо) – пішацца ў адвольнай форме, ацэнка чытачом / слухачом сучасных з’яў, фактаў, падзей сацыяльнага, грамадска-палітычнага характару.
Мастацка-публіцыстычныя жанры (мастацкае асэнсаванне сацыяльных, грамадска-палітычных, гістарычных, культурных падзей, фактаў):
Замалёўка – аповед звычайна невялікага памеру (эмацыянальна-эсэістычнага характару) пра жыццё, сусвет, з’явы з разнастайнымі філасофскімі вывадамі; часам мае дачыненне да ўласнага жыцця карэспандэнта;
Нарыс – дакументальны твор, які апавядае (аналізуе) аб разнастайных фактах і з’явах грамадскага жыцця з аўтарскім іх тлумачэннем, з лірычнымі адступленнямі (апісанні прыроды, разважанні аўтара), каб чытач мог адпачыць ад фактаў, лічбаў, дат;
Памфлет – злабадзённы публіцыстычны твор, мэта і пафас якога – сацыяльна-палітычнае выкрыццё, якое дасягаецца шляхам выкарыстання сродкаў сатыры;
Фельетон – жанр, які выяўляе востра-крытычныя адносіны да чалавека, з’явы, прадмета з гумарыстычнымі і сатырычнымі прыёмамі;
Эсэ – празаічна-публіцыстычны твор навукова-гістарычнага, крытычнага, філасофскага характару, напісаны ў адвольнай форме. Для яго неабавязковыя сістэматычнасць, аргументаванасць, аднак абавязковыя вобразнасць, афарыстычнасць, суб’ектыўнасць, індывідуальная інтанацыя аўтара, яго імкненне да самавыяўлення, самааналізу.
Лексічныя асаблівасціпубліцыстычнага стылю наступныя:
1) шырокае ўжыванне грамадска-палітычнай лексікі, у якую ўваходзяць назвы палітычных, філасофскіх, сацыяльна-эканамічных накірункаў, класавых, партыйных, ідэалагічных паняццяў, грамадска-палітычных падзей і інш.: прагрэс, дэмакратыя, рэферэндум, публічнасць, апартэід, плюралізм, тэрарызм, правакацыя, шавінізм, экстрэмізм;
2) выкарыстанне газетызмаў – слоў і выразаў, якія найчасцей сустракаюцца на старонках перыядычнага друку: пасланец, міралюбівы, пазітыўны, гарант, альтэрнатыва, перадавік, місія, форум, візіт, інцыдэнт, кансалідацыя, дапусціць пралікі ў рабоце, падрастаючае пакаленне. Як бачна, газетызмы нярэдка маюць станоўчую або адмоўную ацэначнасць;
3) стандартызаванасць, якая выражаецца ў выкарыстанні гатовых устойлівых выразаў тыпу вытрымаць экзамен на сталасць, пакет прапаноў, даць пуцёўку у жыццё, удзельнікі мелі магчымасць, далейшае ўдасканаленне і развіццё, прыняць меры па ліквідацыі.
Такія і падобныя спалучэнні дапамагаюць аўтарам напісаць публіцыстычны твор за кароткі час. Аднак залішняя “заштампаванасць” надае тэкстам адценне штучнасці, афіцыйнасці, пазбаўляе іх вобразнасці і эмацыянальнасці.
Як негатыўны факт успрымаецца ўжыванне пры словах пастаянных, традыцыйных азначэнняў (так званых слоў-спадарожнікаў), у якія не заўсёды ўкладаецца належны сэнс: заслужаны адпачынак ‘пенсія’, гарачая падтрымка, карэнныя пераўтварэнні, радыкальныя меры, вострая крытыка, значны ўклад. “Імкненне некаторых журналістаў абавязкова, ва ўсіх выпадках, гаварыць эмацыянальна і вобразна непазбежна прыводзіць да ўзнікнення штампаў, і чытач, наглытаўшыся “вобразных” трафарэтаў накшталт чорнага або белага золата, пачынае сумаваць па звычайным, простым, канкрэтным слове” [54, с. 75];
4) наяўнасць адзінак, якія набываюць выразную публіцыстычную афарбоўку пры ўжыванні ў пераносным значэнні. Напрыклад, словы арэна, школа, платформа, людзі ў прамым значэнні не маюць функцыянальна-стылістычнай афарбоўкі (арэна цырка, базавая школа, чыгуначная платформа, шчырыя людзі), у пераносным жа значэнні яны такую афарбоўку набываюць: арэна палітычнай барацьбы, школа выжывання, палітычная платформа, людзі добрай волі. У пераносным значэнні выкарыстоўваюцца тэрміны з вобласці спорту (апошні раўнд сустрэчы), ваеннай справы (армія беспрацоўных, фронт барацьбы, увесці ў строй), навукі (атмасфера даверу, дыялог паміж краінамі), мастацтва (палітычны спектакль, закулісныя перагаворы) і інш.;
5) увядзенне ў тэксты нядаўна запазычаных слоў: білбард ‘рэкламны шчыт’, графіці, бігмак, брэйкер і інш. Напрыклад: Па загадзе прэзідэнта з білбардаў на цэнтральных вуліцах Мінска знялі твары і целы замежных мадэляў; Сацыяльны работнік – сапраўдная квінтэсэнцыя разнастайных пазнанняў і тэорый, уменняў і магчымасцей.
Працэс пранікнення названых адзінак у друк з кожным годам становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Лінгвісты выказваюць думку, што без многіх запазычаных слоў, якія прыходзяць у нашу мову праз публіцыстыку, мы можам абысціся. Пагэтаму ўжываць іх трэба з улікам тэматыкі, сэнсавай і эстэтычнай мэтазгоднасці;
6) частотнасць складаных і складанаскарочаных слоў (малазабяспечаныя, непаўналетнія), абрэвіятур: Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) правёў апытанне…; Беларускі саюз прадпрымальнікаў (БСП) і прафсаюз “Садружнасць” намераны аспрэчыць у Канстытуцыйным судзе (КС)…; супрацоўнікі АБЭЗ праверылі дакументы ў прыватных гандляроў “Стралецкага” рынка…; За апошнія дзесяць гадоў у сістэме РУП ЖКГ на ніводнай з шаснаццаці кацельняў і цепласетак [Докшыц] не было праведзена ніводнай рэканструкцыі (з газеты);
7) ужыванне эмацыянальна-ацэначнай лексікі, слоў з пераносным значэннем: Створанае ім [Максімам Багдановічам] вытрымала выпрабаванне часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь славянскі свет;
8) выкарыстанне нелітаратурных моўных сродкаў – дыялектызмаў, жарганізмаў, варварызмаў, экзатызмаў, размоўнай і прастамоўнай лексікі: Па ініцыятыве дырэктара саўгаса імя Ціміразева Глыбоцкага раёна Аляксандра Сясіцкага больш ураўнілаўкі ў аплаце працы ў ягонай гаспадарцы не будзе; [Падчас рэканструкцыі Камароўскага рынка] прымусова знеслі каля сотні гандлёвых кропак, угахалі на прычупырванне нямала сродкаў; Новы альбом [гурта “Глюкоза”] пастаянна дапісваецца, перарабляецца. У Макса Фадзеева фантан ідэй. Мне здаецца, альбом атрымаецца проста “зэ бэст”. Незвычайны, моцны; Як звычайна, на ростанях зімы і вясны, калі яўрэі адзначаюць сваё старадаўняе свята Пурым, у Віцебску адбыўся ўжо традыцыйны для горада Міжнародны фестываль “пурымшпляў” – тэатралізаваных прадстаўленняў, прысвечаных нацыянальнай урачыстасці еўрапейскіх яўрэяў;
9) увядзенне ў тэксты аўтарскіх неалагізмаў, якія з’яўляюцца яркім вобразным сродкам: І праўда, пахарашэла Камароўка. Толькі пасля будаўнічага еўрашухеру тавар харчовы падаражэў ці не ўдвая;
10) шырокае выкарыстанне фразеалогіі (у вузкім і шырокім сэнсе). Прыказкі, прымаўкі, крылатыя выслоўі і ўласна фразеалагізмы нярэдка становяцца загалоўкамі публіцыстычных твораў: Абвяла вакол пальца; Забіць – раз плюнуць? Новае – гэта забытае старое; Хто ў лес, а калгасы – па дровы; Саюз прайшоў агонь, ваду, але спатыкнуўся на газавых трубах; Любіш катацца – за саначкі плаці; Воўк сытаму не таварыш; Талачын – горад кантрастаў.
Як бачна з прыведзеных прыкладаў, устойлівыя спалучэнні нярэдка ўжываюцца ў змененым, ператвораным і абноўленым выглядзе, набываючы пры гэтым новыя сэнсава-экспрэсіўныя адценні і становячыся фразеалагічнымі неалагізмамі;
11) ужыванне тэрміналагічнай лексікі ў тэкстах, прысвечаных пытанням навукі, тэхнікі, эканомікі, культуры. Нярэдка тэрміны пераасэнсоўваюцца, набываюць нехарактэрнае значэнне, абыгрываюцца аўтарамі:
Восень – дзіўная пара: прыгожая, каляровая, але і каварная. Сягоння цёпла, заўтра холадна… Сезон абвастрэння розных хвароб. Людзі хварэюць на грып, прастуду – гэта хваробы часовыя. А бываюць яшчэ хваробы прафесійныя, напрыклад, “філалагічная хвароба”.
Гісторыя хваробы выглядае так: пачынаецца яна ў шаснаццаці- або сямнаццацігадовым узросце, якраз у той момант, калі чалавек рашае, што яму трэба (проста неабходна!) быць філолагам.
Прагрэсуе названая хвароба звычайна на працягу ўсяго перыяду навучання.
Сімптомы наступныя: “хворы” чытае ўсё, што бачыць, шукае граматычныя памылкі, вызначае жанравую прыналежнасць тэксту. Звычкай “хворага” становіцца лінгвістычны аналіз (часам нават на падсвядомым узроўні).
Станоўчае тое, што абвастрэнне не выклікае пабочных эфектаў і прыносіць толькі карысць. Адзінае – “хвароба” цяжка паддаецца лячэнню, нярэдка пераходзіць у хранічную форму. Часам бывае заразнай.
Словам, хварэйце на здароўе! (з газеты)
12) частотнасць вобразных сродкаў мовы (гл. урыўкі вышэй).
Марфалагічныя асаблівасціпубліцыстычных тэкстаў: