ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2365
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Стыль мастацкай літаратуры
Стыль мастацкай літаратуры, або мастацкі стыль, займае асаблівае месца сярод іншых функцыянальных стыляў. Ён выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, задавальняе духоўныя патрэбы грамадства. Усе моўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым стылі, падпарадкаваны функцыі эстэтычнага ўздзеяння на чытача або слухача. Яны цесна звязаны з ідэйна-кампазіцыйнымі задачамі твора, індывідуальнымі рысамі і мастацкім майстэрствам аўтара, асаблівасцямі таго асяроддзя, якое апісваецца. Як адзначае А.Я. Баханькоў, камунікатыўная функцыя выступае ў мастацкай літаратуры ў значна трансфармаваным выглядзе: інфармацыя, якую нясе мастацкі тэкст, не так адпавядае рэальнасці, як служыць для стварэння мастацкага вобраза гэтай рэальнасці [18, с. 343].
Пытанне пра месца мастацкага стылю ў сістэме функцыянальных стыляў вырашаецца па-рознаму. Адны даследчыкі (В.У. Вінаградаў, Р.А. Будагаў, М.Н. Кожына, А.Н. Васільеў, Б.Н. Галавін) уключаюць яго ў сістэму функцыянальных стыляў. Другія навукоўцы (Л.Ю. Максімаў, Н.А. Мяшчэрскі, М.М. Шанскі, Д.М. Шмялёў, В.Д. Бандалетаў) сярод функцыянальных стыляў не называюць мастацкага, вылучаючы такую моўную катэгорыю, як мова мастацкай літаратуры, і аргументуючы гэта наступным: 1) мова мастацкай літаратуры не ўваходзіць у паняцце літаратурнай мовы; 2) стылю мастацкай літаратуры ўласціва незамкнёнасць: у яго ўключаюцца сродкі іншых функцыянальных стыляў; 3) мастацкі стыль выконвае асаблівую, эстэтычную функцыю, якая выражаецца ў даволі спецыфічным адборы моўных сродкаў.
Сапраўды, мова мастацкай літаратуры і літаратурная мова – паняцці нераўназначныя. Літаратурная мова – унармаваная, узорная, правільная мова, у якой не дапускаецца ўжыванне дыялектызмаў, жарганізмаў, грубых і лаянкавых слоў, індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў і іншых пазалітаратурных сродкаў. Мова ж мастацкай літаратуры з’яўляецца паняццем больш шырокім, чым літаратурная мова: яна нярэдка выходзіць за межы літаратурнай мовы і ўключае нелітаратурныя элементы, а таксама сродкі і нават урыўкі з розных функцыянальных стыляў (афіцыйна-справавога, публіцыстычнага, навуковага, размоўнага), што абумоўлена зместам твора, аўтарскай задумай, у тым ліку стылізацыяй.
Стылізацыя – мэтанакіраванае ўзнаўленне ў мастацкіх творах моўных асаблівасцяў стылю пэўнай эпохі, літаратурнага напрамку, сацыяльнага асяроддзя, індывідуальнай манеры пісьменніка, выбраных аўтарам у якасці аб’екта пераймання (імітацыі) [60, с. 45].
Навукоўцы вылучаюць наступныя віды стылізацыі: 1) стылізацыя, арыентаваная на фальклорныя жанры; 2) гістарычная стылізацыя, якая аднаўляе пэўную эпоху, побыт, звычаі, асаблівасці мовы тагачасных людзей; 3) сацыяльная, якая дае магчымасць перадаць псіхалогію, інтэлектуальны і маральны ўзровень дзейнай асобы; 4) стылізацыя, якая ляжыць у аснове літаратурных пародый; яна імітуе стыль пісьменніка ці літаратурнага кірунку. Разгледзім адзін з відаў стылізацыі на прыкладзе ўрыўка з п’есы “Вечар” А. Дударава:
В а с і л ь (адзін). Ты не крыўдуй на яго… Душа ў чалавека баліць. Нічога за жыццё нікому не аддаў… Аддаць трэба… Трэба… Тады ты і сагрэеш, і суцешыш, і сілы пад старасць дасі… Праўда? Слухаеш? Пайду свіннату сваю карміць… Чуеш, вішчаць? Эх, ручухны мае, ручухны!.. Што ж гэта вы так расхадзіліся? Ці не дождж збіраецца?.. Не падобна як быццам…
Г а н н а. Канчай маліцца – будзем весяліцца…
В а с і л ь. Хлеба купіла?
Г а н н а. Ага…
В а с і л ь. А пенсію прынесла?
Г а н н а. Пенсію не далі… Ты, кажуць, з завітушкамі распісваешся, а я без завітушак… Сам сходзіш.
Як бачна, аўтар выкарыстоўвае размоўную лексіку, спрошчаны сінтаксіс для індывідуалізацыі мовы персанажаў (сацыяльная стылізацыя).
Стылізацыю нельга блытаць з літаратурнай рэмінісцэнцыяй, якая ўяўляе сабой вобразны (-ыя) выраз (-ы) з тэксту (часцей мастацкага), устаўлены ў твор для таго, каб выклікаць у памяці субяседнікаў, чытачоў мастацкі вобраз для суаднесенасці яго з пэўнай маўленчай сітуацыяй. Разгледзім прыклад – урывак з верша С. Панізніка, прысвечаны роднай мове, у якім аўтар цытуе радкі з твора Ф. Багушэвіча:
Вучыў нас:
і верце, і дбайце…
І словы ішлі па зямлі
бацькоўскія:
“НЕ ПАКІДАЙЦЕ…”
Не пакінулі мы… Не маглі.
Пакутна нямелі
у горле
маўчальніцтва халады.
Мацей Бурачок,
…“НЕ ЎМЁРЛІ!”
А значыць, жывеш і ты!
У наступным прыкладзе Г. Бураўкін уводзіць у свой верш радкі з фальклорнага твора:
На дрогкіх выбоінах
Шляху зямнога
Згубілася многа,
Забылася многа.
Ды помню:
На печы
У вечар зімовы
Матуля шаптала
Чароўныя словы.
Я помню ўсё добра,
Я помню ўсё цвёрда:
“Кацілася торба
З высокага горба”…
І помніцца,
Мроіцца,
Чуецца мне
Прытомлены шэпт:
“Ішоў Бай па сцяне”…
Няма на зямлі ўжо
Ні хаты,
Ні печы.
Унук
У мяне на каленях
Ляпеча.
Яму я шапчу
Таямніча і горда:
“Кацілася торба
З высокага горба”…
І разам з наследнікам
Верыцца мне,
Што Бай барадаты
Ідзе па сцяне.
Такія ўкрапленні вядомых выразаў узмацняюць выразнасць, эмацыйнасць твораў, а ў размове паміж субяседнікамі садзейнічаюць устанаўленню кантакту.
У мастацкім стылі ў адпаведнасці з трыма родамі літаратуры – лірыкай, эпасам і драмай – вылучаюць наступныя падстылі:
вершаваная мова, яна прадстаўлена такімі жанрамі, як верш, паэма і інш.;
мастацка-празаічны, які рэалізуецца ў аповесцях, апавяданнях, раманах і г.д.;
драматычны,жанрамі якога з’яўляюцца камедыя, драма, трагедыя і інш.
Жанры мастацкага стылю
Апавяданне – невялікі апавядальны твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека. Апавяданню ўласціва адна сюжэтная лінія, абмежаваная колькасць дзейных асоб з дастатковым раскрыццём характараў, апісанні адсутнічаюць ці, калі ёсць, то вельмі сціслыя.
Аповесць – апавядальны мастацкі твор, у якім з дапамогай шэрагу эпізодаў, больш ці менш разгорнутых апісанняў, выяўляецца сутнасць нейкай падзеі, абмалёўваецца станаўленне характару адной ці некалькіх дзейных асоб у іх развіцці.
Верш – невялікі па аб’ёме, завершаны па думцы і форме твор, напісаны вершаванай мовай; у ім знаходзяць адлюстраванне з’явы і падзеі рознага характару (драматычныя, трагічныя, камічныя і г.д.), выяўляюцца адносіны аўтара да гэтых падзей. Вылучаюцца вершы філасофска-медытатыўныя (медытацыя, пасланне, стансы, ямбы, філасофскі верш, элегія), велічальныя (ода, дыфірамб, панегірык, апалог, мадрыгал, гімн, эпітафія, рацэя, эпіграма), песенныя (раманс, песня, серэнада, марш, псалом, кантата і інш.) і г.д.
Драма – твор, у аснове якога востры канфлікт, што не заканчваецца трагічнай развязкай.
Камедыя – гумарыстычна-сатырычная п’еса, у якой паказваюцца камічныя падзеі і з’явы, высмейваецца негатыўнае ў жыцці.
Паэма – буйны вершаваны твор, у якім важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, персанажаў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі.
Раман – твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.
Трагедыя – адзін з відаў драмы, заснаваны на непрымірымым, трагічным канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць магчымасці ажыццявіць яе мары.
Мова мастацкай літаратуры, нягледзячы на стылявую неаднастайнасць і шырокае праяўленне аўтарскай індывідуальнасці, валодае шэрагам спецыфічных рыс, якія дазваляюць адрозніць стыль мастацкай літаратуры ад іншых функцыянальных стыляў.
Лексічныя асаблівасцімастацкага стылю:
шырокае ўжыванне слоў з пераносным значэннем: А ўсё ж вясны ўжо чуцен подых: Яе прыход мы пазнаём Па тым, як трушчыць лёд нязгоды Жаночай ласкі крыгалом (Н. Гілевіч). Часам у мастацкім кантэксце слова набывае значэнне, не зафіксаванае ў слоўніках;
выкарыстанне сінонімаў усіх тыпаў (семантычных, стылістычных, семантыка-стылістычных, кантэкстуальных) і антонімаў: Гэтых матчыных Песень дзівоснае прадзіва: І вясёлых, І сумных, І слёзных, І грозных (Н. Гілевіч);
перавага канкрэтнай лексікі над абстрактнай;
наяўнасць слоў абмежаванага ўжытку:
а) дыялектызмы ў творах пісьменнікаў старэйшага пакалення, напрыклад, пачатку ХХ стагоддзя, выконваюць намінатыўную функцыю: Гаспадар разгаманіўся, нават лішне стаў зюклівы ‘гаваркі’ (М. Гарэцкі). У мове ж мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, пачынаючы з 40-х гг. ХХ ст., тэрытарыяльна абмежаваныя словы выкарыстоўваюцца са стылістычнай мэтай – як сродак замалёўкі побыту жыхароў пэўнай мясцовасці, стварэння этнаграфічнага каларыту, а таксама як сродак індывідуалізацыі мовы персанажаў: Загаварылася я. Вячэру ж трэба ісці строіць ‘гатаваць’ (І. Пташнікаў);
б) жарганізмы з’яўляюцца яркім стылістычным сродкам характарыстыкі людзей пэўных сацыяльных груп: “Жытуху” стварылі сабе тарбахваты (Н. Гілевіч);
в) спецыяльная лексіка (тэрміны і прафесіяналізмы) – стылістычны сродак адлюстравання рэчаіснасці, стварэння прафесійнай атмасферы, апісання персанажа праз яго мову: Праўда, меў спраўную рыбацкую гаспадарку: два чаўны і розныя там сеткі, мярэжы, бучы, перамёты і шмат іншага, чаму Мікола і назвы не ведаў [сеткі, мярэжы, бучы, перамёты – прылады для лоўлі рыбы] (М. Машара);
г) устарэлая лексіка (архаізмы і гістарызмы) у творах пісьменнікаў ранейшага пакалення выконвае намінатыўную функцыю: у час напісання твораў гэтыя словы актыўна ўжываліся для называння прадметаў і з’яў: Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю, каб лепшаю ўродай [ураджаем] плаціла за труд (Я. Купала). У мове тэкстаў сучасных аўтараў устарэлая лексіка выконвае стылістычную ролю – стылізуе мову персанажаў, стварае каларыт мінулай эпохі: Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў (У. Арлоў). У творах на сучасную тэматыку архаізмы і гістарызмы выкарыстоўваюцца таксама для надання апісанай з’яве ці падзеі адцення іроніі, камічнасці, часам – урачыстасці, узнёсласці:
Ствараю дзіўнай прыгажосці перлы,
На дне якіх заснуў нясцерпны боль,
Мая жывая і мая памерлая,
Крыніца шчасця, мук маіх юдоль. (У. Караткевіч)
[перл – устар. тое, што і жэмчуг; перан. пра што-небудзь выдатнае, цудоўнае (высок. і іран.); юдоль – устар. 1. даліна, лог; 2. месца, дзе пакутуюць, плачуць];