ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2384
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Габелен і кераміка 90-х...
У музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстава габелена і керамікі. Экспазіцыя падрыхтавана як працяг цыкла “Беларускае мастацтва 90-х”. У красавіку мінулага года ў межах цыкла экспанавалася нацыянальная графіка апошняга дзесяцігоддзя, а зараз прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Матэрыял для выставы рыхтаваўся супрацоўнікамі музея на працягу года; адбіраліся найбольш яркія прафесійныя цікавыя працы з выстаў і майстэрняў. Выстава дае ўяўленне аб стылёвай і тэхналагічнай разнастайнасці сучаснага развіцця габелена і керамікі – гэтых традыцыйных тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Разам з творамі ўжо вядомых майстроў можна ўбачыць працы цяперашніх студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. Апроч мінскіх творцаў, удзельнічаюць таксама творцы з Віцебска, Полацка, Бабруйска, Гродна і Магілёва.
Выстава прадоўжыцца да 15 студзеня. (з газеты)
Тэкст 7.
Узварухнуўся народ і заціх, а на самым версе курганка стаяў без шапкі Сцяпан Барута і гаварыў:
– Мы вельмі рады, што прыйшлі вы на наш “фэст”, на наша маладое свята працы. Мы працавалі, каб спусціць з быстраю рэчкаю гніль Гнілога балота, каб на яго месцы зазелянеў муравою грамадскі луг. Сотні гадоў пакланяліся вы “святому калодзежу”, і сотні гадоў стаяла тут Гнілое балота, заражала паветра і разносіла хваробы. I “святы калодзеж” не памагаў вам. Таварышы! Задумайцеся над гэтым. Не “святыя калодзежы”, не малітвы бацюшак дадуць вам шчасце і дабрабыт, бо шчасце і дабрабыт – у вас саміх. Тут зроблена спроба, каб паказаць сілу дружнай грамадскай працы, і вы бачыце вынікі яе, быццам сваімі вачыма. Але мы зрабілі маленькую частку таго, што нам трэба зрабіць і што мы можам зрабіць. У нас няма добрага будынка для школы, а дзе і ніякай няма школы, у нас няма народнага дома, бібліятэкі, нашы дзеці ўлетку без догляду, нашы саламяныя стрэхі спрыяюць пажарам, нашы дарогі топяцца ў гразі, на нашых грэблях грузнуць коні, на нашых мастах калечацца людзі і жывёла. А ўсё гэта можна ўхіліць, сваімі рукамі пабудаваць новае, моцнае, прыгожае і канечне патрэбнае нам. І гэта вы зробіце, калі будзеце выступаць грамадою дружна, згодна. Дык няхай жыве свабодная праца! Няхай закрасуюць і разаўюцца грамадскія “калектывы працы”! Няхай наша нядбаласць пройдзе разам з Гнілым балотам! (Я. Колас)
Тэкст 8.
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым, як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног.
3 дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок –
Подых юні ўходзячай маёй.
Паімчаць за ёю наўздагон? –
Хоць і схопіш – усё адно падман.
Дзе каханне тых мінулых дзён –
Веснік паркаў бэзавы туман?
Нават шкадаванне – дзе яно?
Зноў вясна, і жаль знікае зноў.
(Так губляюць пах перад вясной
Ссохлыя сцябліны палыноў).
Ціха цмокае ў сне рака.
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы росны рай
I бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая! (У. Караткевіч)
Тэкст 9.
– А-а-а, хай дае гасподзь Алёшку шчасця. Харошы ён сам і за жонку харошага чалавека бярэ. Ты, мусіць, помніш хлапца Баршчыхінага, меншага? Ну, дык паехаў жа ён адсюль, гадоў ужо колькі. А сюды, да Баршчыхі, прыехала пазалетася жонка яго. Самога яго ў армію бралі, ну, яна і падалася да Баршчыхі, дзіця мелася нарадзіць. Жыла ўвесь час тут. Ха-а-арошая маладзіца, хоць ты станаві яе замест іконы. І тварам удалася, і характар уважыцельны, і рабацяшчая. А той, басяк, пакуль служыў недзе, другую сабе завёў. Асарамаціў і нас, аднавяскоўцаў. Ажно цэлы год не было як у вочы глянуць маладзіцы, сорамна. Але цяпер вось Алёшка! I не пабаяўся, што з дзіцём. Малайчына. Харошыя яны людзі, гэтыя Кузьмянкі. I бацька, і сын усе як адзін. (І. Чыгрынаў)
Тэкст 10.
Уявіце звычайную вясковую хату: літаральна на 20 метрах жылой плошчы побач з гаспадарамі туліліся розныя духі. Найперш дамавік альбо хатнік, у якого была свая сям’я. У падпеччы жылі малыя гарбатыя скручаныя злыдні ў ботах. А ў дамах, дзе памерлі нехрышчоныя немаўляты альбо былі загублены дзеці, сяліліся бяскрыўдныя кікімары.
У іншых сялянскіх пабудовах таксама было сваё “насельніцтва”: лазнік, пуннік, хлеўнік, гуменнік. Яшчэ існавала і вялікая колькасць нячысцікаў: хохлікі, страхі, якія выпаўзалі ноччу, таму часам і чутны былі розныя стукі-грукі. Каб гэтая нечысць не пранікла ў хату, і патрэбен быў дамавік. Іншым разам за плетнем грукат, гэта значыць нечысць лезе ў хату, а дамавік з ёй змагаецца.
Было сваё насельніцтва і ў лясах, палях, вадаёмах.
У беларускай міфалогіі вялікая колькасць каларытных жаночых вобразаў. Цікавы персанаж – Лойма. Жанчына, якая ператваралася ў жабу і пужала людзей. Часам гэта была прыгожая дзяўчына, якая чаплялася да адзінокіх мужчын у лесе, але ж як звядзе, распаліць каханне, выслізвае з абдымкаў і знікае. Ля вады, лічылася, можна сустрэць бяскрыўдную рассамаху – голую жанчыну з распушчанымі валасамі, якая трымае на руках немаўля. Па павер’ях – гэта жанчына, якая забіла сваё дзіця, а сама ўтапілася.
Вялікая колькасць у нас паданняў пра русалак. Адны з іх – бавяць час у лесе, гушкаюцца на галінах, другія – бадзяюцца па нясжатых палях, трэція, азёрніцы, жывуць у вадзе.
Беларуская русалка – гэта прыгожая дзяўчына з доўгімі валасамі зялёнага, чорнага або русага колеру. Вочы ў яе халодныя, а скура – празрыстая. Беларуская русалка абавязкова з нагамі, з хвастом толькі азёрніцы. Русалкі жывуць з вадзяніком, а ён вельмі брыдкі: з вялікім жыватом, на тонкіх нагах з перапончатымі пальцамі. Таму і шукаюць русалкі сабе мужоў, чапляюцца да мужчын і казычуць іх да смерці.
У нашых продкаў некаторыя хваробы і смерць мелі выгляд жаночых істот.
А ўвогуле ў паганскай міфалогіі можна назбіраць персанажаў на ўсе выпадкі жыцця. (з часопіса)
Тэкст 11.
Усе, хто бываў на Пастаўшчыне, пацвердзяць, што гэта край з харызмай. І не зразумееш, што надае яе. Можа, маляўнічая прырода, бо толькі азёр тут больш за сотню. Альбо багатая 600-гадовая гісторыя і вялікая колькасць цікавых помнікаў архітэктуры. Ці самі людзі, што шануюць традыцыі і цікавяцца мінуўшчынай свайго краю. А магчыма, усё гэта разам.
На ўзгорку на падмурку драўлянага францысканскага кляштара стаіць велічны касцёл св. Антонія Падуанскага – візітоўка Паставаў. У Першую сусветную вайну ён быў значна пашкоджаны, і ў 1920-я гады вернікі яго аднавілі. А вось савецкую ўладу перажыць ён не здолеў. У маі 1949 года яго зачынілі. У храме на доўгія часы размясціўся філіял прамысловага прадпрыемства. Званы маўчалі роўна 40 гадоў, да мая 1989 года, калі касцёл нарэшце вярнулі католікам.
Касцёл у гонар святога Яна Хрысціцеля – стары храм з вельмі багатай гісторыяй. Можа, на фота ён выглядае трохі панура, але месца гэтае вельмі цікавае. Гэта адзін з трох храмаў-крэпасцей у Беларусі (два іншыя – у Сынкавічах і Мураванцы), які дзейнічае ўжо больш за 400 гадоў і не зачыняўся нават у савецкія часы, што само па сабе ўжо цуд. Кажуць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тутэйшы ксёндз выратаваў ад фашыстаў нейкага партызана, які потым стаў партыйным функцыянерам і закінуў слоўца за храм.
Сцены касцёла амаль у два метры таўшчынёй, і як напамін аб падзеях Паўночнай вайны ў сценах можна бачыць гарматныя ядры. Праўда, іх туды ўмуравалі адмыслова.
Храм вядомы яшчэ і 400-гадовым цудатворным абразом Маці Божай, адной з карцін вядомага мастака другой паловы XIX стагоддзя Альфрэда Рамэра, і 100-гадовым аргáнам, на якім іграў знакаміты музыка Браніслаў Руткоўскі. Асаблівай увагі заслугоўвае энергічны і дапытлівы настаяцель Яцэк Хутман, які бясконца вывучае таямніцы храма, а нядаўна знайшоў пад алтарнай часткай касцёла яшчэ адно пахаванне, магчыма, нават фундатараў храма.
Пра палац Бішэўскіх у Лынтупах існуе прыгожая легенда. Малады ўладальнік Лынтупаў Юзаф падчас вучобы ў Парыжы закахаўся ў адну французскую актрысу і прапанаваў ёй руку і сэрца. А яна паабяцала, што выйдзе за яго замуж толькі тады, калі ён пабудуе для яе цудоўны палац, які адпавядае яе становішчу. Бішэўскі быў архітэктарам і сам заняўся праектаваннем дома. І ў выніку пабудаваў цудоўны дом з паркам, шырокімі алеямі і сажалкамі. Але дарэмна. Каварную прыгажуню ён не ўразіў, яна фыркнула і з’ехала назад у свой Парыж. А Юзаф так і застаўся халасцяком.
Калісьці галоўную плошчу Паставаў называлі Рынкавай, а цяпер яна завецца плошчай Леніна. Таму што цэнтральная і на ёй стаіць помнік правадыру пралетарыята. Дарэчы, помнік унікальны, бо самы малады сярод усіх беларускіх помнікаў Леніну.
Але адметнасць плошчы не ў гэтым. Яна стала адной з першых ансамблевых забудоў на тэрыторыі Беларусі. Усе дамы на ёй узводзіліся не як прыйдзецца, а ў адзін час і па праекце аднаго архітэктара – італьянца Джузепэ дэ Сака. Дарэчы, галоўнага архітэктара ўсяго Вялікага княства Літоўскага. З 22 будынкаў да нашых дзён захавалася толькі шэсць, аднак выглядае плошча вельмі цэласна і гарманічна. Характэрныя фігурныя фасады домікаў надаюць Паставам рысы еўрапейскага гарадка. У адным з іх – у доме аптэкара – пастаўчане ўжо 250 гадоў купляюць лекі. Калісьці ў ім жыў лекар, а потым, каб не парушаць традыцыі, там размясцілі аптэку.
Многія вандроўнікі адзначаюць незвычайнае размяшчэнне дзейнага касцёла св. Тадэвуша ў вёсцы Лучай. Калі ехаць на аўтамабілі, то на працягу некалькіх кіламетраў да яго вядзе роўная, як страла, дарога. Здаецца, што заедзеш на прыступкі храма, які ганарліва ўзвышаецца над дрэвамі. Паварот дарогі заўважаеш толькі значна бліжэй. Касцёл у вёсцы Лучай быў пабудаваны ў 1766 годзе дзякуючы шчодрасці мясцовага магната з роду Агінскіх. У пасляваенны час храм быў перапрафіляваны пад калгасны склад, і, на жаль, гэта не дазволіла захаваць усе роспісы на яго сценах. А інтэр’ер святыні вельмі цікавы, выкананы ў тэхніцы грызайль. Гэта рэльефны жывапіс: глядзіш на сцяну – і здаецца, што ў ёй арка з ляпнінай, а на самой справе гэта толькі малюнак.
Апошні, сёмы, цуд Пастаўшчыны – Зюзя Паазерскі, паганскі бог холаду. З’яўляецца ён у выглядзе старэнькага дзядка з белымі, як снег, валасамі і такой жа белай даўжэзнай барадой. Пасяліўся ён тут дзякуючы ініцыятыве Ягора Шушкевіча, дырэктара пастаўскага Цэнтра турыстычных паслуг, які высветліў, что менавіта Зюзю шанавалі нашы далёкія продкі, калі яшчэ не было Санта-Клаўса і Дзеда Мароза. Гэты бог пануе на Беларусі толькі зімой і вельмі любіць прымаць гасцей у сваёй сядзібе “Азяркі”. А летам хаваецца ў густых пастаўскіх лясах. Але гэта зусім не азначае, што ў гэты ўтульны куточак нельга прыехаць у іншы час, акрамя зімы. Сядзіба круглы год гасцінна расчыняе вароты для турыстаў. (з газеты)
Тэкст 12.
Ноччу вецер лагодна гартаў лісты за акном – перачытваў, а пад самую раніцу так усхадзіўся, так завірыў, што раз-пораз стукаў мне незадаволена гэтымі лістамі ў шыбы, нібы настойліва запрашаў пачытаць разам.
…І я мусіла выйсці насустрач шэрай раніцы. Змяла лістоту з ганка, зазірнула ў адчыненую паштовую скрынку, а там – лісты… Сябры пішуць усё радзей, а то і зусім не пішуць. Тэлефоны, бачыш, эканомяць іх час. Але толькі нямыя лісты і паштоўкі гавораць з намі галасамі сяброў нашых праз гады.
Саджуся на лаўку, трымаючы ў руках сваю восеньскую пошту. А вецер ужо суцішана шэпча сухімі лістамі: не спяш-ш-шайся, пач-ч-чытай…
Вось ліст кляновы, жоўты, з зялёнымі жылкамі – сведка паступовага згасання летняга хараства… Яшчэ многія дрэвы будуць трымаць свой ліст, а клён адпускае... Гэтак жа і я рана адпусціла сваё першае і таму непаўторнае. Адпусціла лёгка, як дрэва адпускае жоўты ліст з першым моцным ветрам.
Клён рос каля возера, вялікі і моцны; мы там лавілі хрушчоў, садзілі ў маленькія каробачкі і, прыклаўшы да вуха, слухалі радыё... Радыё гудзела незадаволена, нецярпліва шкрэбла лапкамі – і мы яго выпускалі. Кожны дзень, калі ты выходзіў пагуляць да мяне і маёй сяброўкі, цябе клікала маці. Яе прарэзлівы голас і цяпер яшчэ рэжа маю цішыню.