ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2377
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Аліна. Не. Гэта таксама супраць прыроды…
Буслай. Ну, а астатняе па прыродзе… Добра ён цябе тут лечыць?
Аліна падыходзіць і з усяго размаху б’е Буслая па шчацэ.
Аліна (вельмі спакойна). Я табе сказала, хамула, ён святы чалавек! А калі ты яшчэ раз якую-небудзь пашляціну ляпнеш пра яго, я магу цябе забіць, ты чуеш?
Буслай. Дзе там чую?! У мяне ад тваёй аплявухі ў вушах звініць. Ну й ручка. Адбойны малаток… Дай што-небудзь выпіць! Мне жыць не хочацца.
Аліна. Ідзі ў ванну і пі з-пад крана…
Буслай. Ваду не выпіваюць, а п’юць… А мне выпіць трэба… (А. Дудараў)
Мова сталічнага навучэнца цяпер была перанасычана элегантнымі "чиво", "как-то такто", "опридилённо". Да мясцовых дзяўчатак ён звяртаўся не інакш, як "мамзэлі", а да былых сяброў і ўвогуле незразумела-вытанчана: "Мон амі".
– Опридилённо, мон амі, – казаў Данілка ўважлівым слухачам, – ёсць у мяне там добрыя перспектывы. Дзядзька ўладкаваў каля сябе, как-то так-то і яго месца займу…
Што то за месца, чым займаецца Данілка ў горадзе, ніхто дакладна не ведаў, нават бацькі. Сам юнак адказваў няпэўна: "Мы па гандлёва-эканамічнай частцы". Але ж горад Б не быў ізаляваны ад гэтага "вялікага свету". Вось і дырэктар мужчынскай гімназіі пан Вярэдзіч, што некалі не спакусіўся зместам тоўстага партманента карчмара, наведаў Маскву… "А можа, Данілку там сустрэне?" – марыў Бурыга і ўяўляў, як у нейкай важнай канторы спаткае ганарлівы дырэктар шыкоўнага Данілку, і сумеецца, і як з роўным прывітаецца...
Між тым прыехаў "на пабыўку" і сам Данілка, які ў свае васемнаццаць выглядаў на добрых дваццаць пяць.
– Вы, папа, зусім пагарыце, – ракатаў малады басок сына. – Што гэта за музыкі, вобче говоря, нейкія полечкі… Вы б заказалі сабе музычную машыну. Ручку пакруціў – і грае вальсу ці раманс. Вы, папа, ведаеце, што такое вальса? (Л. Рублеўская)
3. – Вам толькі моладзь не па густу,
А ў тым не бачыце бяды,
Што ў блуд, у гулі, у распусту
Ідуць бабулі і дзяды.
Павыдаюць або пажэняць
Дарослых дочак і сыноў,
Старыя мошчы паджэньшэняць
І самі жэняцца наноў.
Калісь, ад нэндзы ўсохлы – дохлы,
У пяцьдзесят гадоў мужык
Старым лічыўся і, нямоглы,
Не браўся бабамі ў разлік.
Цяпер і ў шэсцьдзесят не годзе!
А што? Здаровыя, быкі!
На кірмашы вунь так і водзяць
Блудлівым зіркам у бакі…
– Другі праз "грыб" не пераплюне,
Сліняк цячэ па барадзе,
А ўсё адно падчэпіць плюндру
І ў рэстаран паіць вядзе.
Дзядусь, а толькі і цікуе,
Як за здабычаю каршун,
Каб дзеўку злэпаць дзе якую;
І каб прытым не ўзняўся шум!.. (Н. Гілевіч)
Практыкаванне 184. Прачытайце. Знайдзіце перыфразу, акрэсліце яе змест і стылістычную афарбоўку, паразважайце пра дарэчнасць яе ўжывання як у публіцыстычным (у прыведзеным кантэксце), так і ў іншых стылях.
Беларускія "сілавікі" апошнім часам актыўна "штурмуюць" віртуальную прастору. Днямі свой афіцыйны сайт у Інтэрнэце адкрыла Міністэрства ўнутраных спраў. А следам за міліцыянерамі ў сусветнай павуціне займелі свой "куточак" і беларускія вайскоўцы. Начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Сяргей Шматок адзначыў, што ідэя "пакарыць" віртуальную прастору ў беларускіх вайскоўцаў узнікла амаль год таму назад. З 2 лютага сайт Міністэрства абароны "прапісаўся" ў віртуальнай прасторы. У ім – 7 частак: навіны, кіраўніцкі склад, структура, заканадаўчая база, гісторыя, геральдыка і вайсковая палітыка. Ёсць магчымасць для зваротнай сувязі. Усе электронныя паведамленні, як запэўніў начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Ваенна-навуковага ўпраўлення Узброеных Сіл Ігар Ігнашчанка, будуць самым сур’ёзным чынам вывучацца, а крытычныя "сігналы" абавязкова будуць правярацца. Адрас сайта: www.mod.mil.by. (з газеты)
Практыкаванне 185. Прачытайце ўрыўкі з беларускіх народных казак, назавіце выпадкі ненарматыўнага слова- і формаўжывання і паразважайце, чым выклікана іх функцыянаванне ў фальклоры. Вусна выпраўце "памылкі".
Раніца мудрэй за вечар; агонь развёў у печы; дзякаваў хлопец гаспадыні; не ведаю нават, як аддзякаваць цябе; качка ўздымала ў неба; птушка апусцілася прама на край гнязда; патухалі яны на раны, і тыя адразу зажылі; з асілкам жартаваць нельга, можна галавы не знасіць; хадзіў у горад за прысмакамі; хацела было распытаць пра майстра; зайшла ў пакой і… пазнала свайго суджанага; з кожным крокам сцяжынка ўсё вузей і вузей; "Зараз павячэраю", – сказаў пра сябе хлопец; дзяўчат навокал многа, толькі ні адна з іх не прыглянулася хлопцу; прыехалі браты дадому і тут жа вяселле згулялі; праведаў воўк, што лісіца атрымала ў падарунак; "Калі конь – дахадзяга высек іскры, то з-пад маіх лап полымя шугане", – падумаў леў; калі не павязе раніцай, то і вечарам не чакай радасці; зрабіў Піліпка з гэтых пер'яў толькі паўкрыла; галіны выкалвалі вочы; бацьку нечага рабіць; хворыя людзі будуць звяртацца да цябе за дапамогай; "Ну што, чыя праўда?" – насміхаюцца над ведзьмай муж і сын; усю работу па дому выконвала падчарыца; гэта была маці таго дзіцяці, народжанага незаконна; "У чым справа? Хто парушае мой царскі сон?" – пытае Няптун у слуг; дайшла справа да гасцей прыгаць у ваду; а лес усё гусцей і гусцей; каля аднае крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі – пакупнікоў заклікаюць.
.
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Пра вечнасць гадаюцца гадкі,
А ў вечнасці свой век кароткі, –
Якжбэта ў змайстраванай хаткі,
Якжбэта ў парома ці ў лодкі.
Забудзем сумненняў імкненні.
Адкінем і самі сумненні.
Ланцуг неадольных жаданняў
Расшырыць бясконцасць світанняў. (І. Чыгрын)
Якжбэта – якраз што, якраз бы, ведама ж.
Практыкаванне 187. З якой мэтай парушаецца лагічнасць маўлення (неадпаведнасць зместу выказвання аб’ектыўнай рэчаіснасці) у дзіцячых творах?
Змей
Змей за хатай знічку з’еў –
Зуб у змея забалеў.
Змей лячыў яго заўзята.
Зёлкі клаў сабе на пяты,
Лез у гразь, як парасё, –
Але зуб баліць – і ўсё. (С. Сокалаў-Воюш)
Мыюцца кацяняты
Лапкай мяккай без вады
Умываюцца каты.
Мыюць вушы і насы
І на спінцы валасы.
Так, як мамы,
Так, як таты,
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Практыкаванне 188. Прачытайце. Назавіце словы і выразы гутарковага стылю. З якой мэтай аўтар выкарыстоўвае іх у сваім творы? Ці можна сказаць, што аўтар “засмечвае” мову персанажаў? Чаму?
Гастрыт (весела). Жывеш?
Мульцік. Жыву.
Гастрыт. А чаго гэта ты рагочаш?
Мульцік. Хачу і рагачу.
Гастрыт. Атрымаў, я бачу?
Мульцік. Ну, атрымаў, а табе што?
Гастрыт. Давай пачытаю…
Мульцік. Ідзі, Мікіта, не чапляйся…
Гастрыт. Грошай, канечне, просіць. Прапіўся да ніткі, во і бацьку ўспомніў.
Мульцік (стомлена і не злосна). Каб ты здох! Ну, што ты за чалавек? Гастрыт, адно слова. Гастрыт. Чаго ты на ўвесь свет злуеш? Дзяцей разагнаў, яны да цябе ні нагой, вось і злуеш.
Гастрыт. Я – дрэнны. Я разагнаў. А ты добры. І да цябе не едуць…
Мульцік. Гваздану я цябе калі-небудзь…
Гастрыт. У суд падам. Пасадзяць…
Мульцік. Прэмію дадуць. Ад цябе ж ва ўсім свеце холадна… Ідзі, ідзі, я табе сказаў…
Гастрыт. Я па свой чайнік прыйшоў… Забыўся тут… Дзе падзеў?
Мульцік. Вунь стаіць!
Практыкаванне 189. "У многіх выпадках, – піша І.Я. Лепешаў, – запазычанні ўскладняюць успрыняцце, зацямняюць сэнс інфармацыі". Дакажыце ці аспрэчце гэтую думку з дапамогай наступных радкоў:
Мне катарсісам Вашы абдымкі ў каламуці шалёных хваляў; 2. Міраж трансфармуецца ў рэчаіснасць; 3. Ты помніш сарамлівасць хваляў – электраімпульсы між намі; 4. Ды памяць – мой банк інфармацыі – Мне выдала тэкст на дысплеі; 5. Баюся спаць, твой дух чакаю апакаліпсістычнымі начамі; 6. Няўжо так моцна награшыла душа падчас рэінкарнацый. (з твораў сучасных паэтаў)
Практыкаванне 190. Прачытайце прыклады і знайдзіце наватворы. Якія з іх утвораны на ўзор прадуктыўных мадэляў? Ужыванне якіх абумоўлена стылістычнымі мэтамі? Якія наватворы функцыянальна неапраўданыя і чаму?
А неба ў паўночным убранстве Мне у твар шугавеяла стынню; 2. Дзе аблокі хаваюць ад воч мінакоў непрыступных вышыняў сляпучасць снягоў; 3. Па нашых марах скача наўе, пад капытом – любоўны трунак. Мы скасавалі сваё права на развітальны пацалунак; 4. Вясны абуджанай пышнота разгорне крылле па-над светам; 5. Прапахлы багуном, імшарамі, іду, нагрыблены, дамоў; 6. Першы хтось нястрымна зацымбаліў; 7. А скрычуся ў тайзе грыбной, дзе развеснена рэху рэхчацца, – будзеш ты, Беларусь, са мной белакорыцца, Нёманам рэчыцца. (з твораў сучасных паэтаў)
Практыкаванне 191. Прачытайце ўрывак з апавядання Янкі Брыля “Яна”. Які неалагізм ёсць у гэтым урыўку? У адпаведнасці з якой словаўтваральнай мадэллю ён утвораны? Што абазначае гэты наватвор? З якой стылістычнай функцыяй ён выкарыстоўваецца?
Але тут нехта ўзяў і павалок яго некуды ад усіх, прымусіў яго расплюшчыць салодкія вочы і ўбачыць раніцу, і гумно, і старэйшага брата, які будзіў яго. “Пачакай, пачакай, вось, вось ужо ўсё, зараз я…” – прасіўся ён думкай у брата і зноў нырнуў у сон…
Але брата нельга было ўпрасіць. Прыйшлося здацца. Ён прачнуўся і сеў, сонна пачаў надзяваць кашулю, а ў паўсне была яна, і ён усё ляцеў, ляцеў і ніяк не мог даляцець да яе.
– Добра, добра, калі ты вельмі!.. – сказаў ён уголас на сябе самога. І хацеў яшчэ дадаць: “Рассаладзеў!..”
Практыкаванне 192. Якую стылістычную функцыю выконваюць у наступных кантэкстах моўныя сродкі, узятыя з іншых моў?