ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 26.09.2025

Просмотров: 2412

Скачиваний: 1

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

СОДЕРЖАНИЕ

А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306

Прадмова

Уводзіны

Тэарэтычная частка

Функцыянальныя стылі

Сучаснай беларускай мовы

Афіцыйна-справавы стыль

Жанры афіцыйна-справавога стылю

Навуковы стыль

Жанры навуковага стылю

Публіцыстычны стыль

Жанры публіцыстычнага стылю

Гутарковы стыль

Стыль мастацкай літаратуры

Жанры мастацкага стылю

Канфесійны стыль

Камунікатыўныя якасці маўлення

Правільнасць маўлення

Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы

Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы

Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы

Правільнасць маўлення: лексічныя нормы

Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы

Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы

Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы

Дакладнасць маўлення

Лагічнасць маўлення

Чысціня маўлення

Дарэчнасць маўлення

13 Сентября 2006 года

Багацце маўлення

Выразнасць і вобразнасць маўлення

Сцісласць маўлення

Практычная частка

Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі

Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.

Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)

Тэксты для аналізу

Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню

Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.

Мнагазначнасць фразеалагізмаў

Габелен і кераміка 90-х...

Самая прыгожая жанчына

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту

Узоры тэстаў

Спіс літаратуры

Адказы да тэстаў

Практыкаванне 212. Прааналізуйце з боку фразеалагічнага багацця мову твораў для дзяцей. Што дае ўвядзенне ўстойлівых выразаў у такія творы?

  1. Толькі дзеці акрылялі, На крыло, як кажуць, сталі. Паляцелі ў белы свет Здабываць сабе абед – І забылі сцежку к хаце, Каб не тузаць болей маці (С. Грахоўскі); 2. Плача, енчыць ласяня: – Не дажыць, відаць, да дня. Гладзіць, торгае, скубе За вушамі і на лбе, З боку ў бок мяне вядзе, Галава, як звон, гудзе, Боль свірдуе галаву. – Не, да дня не дажыву (С. Грахоўскі); 3. Не бегайце толькі, галовы задраўшы, а прыглядайцеся лепей… (В. Гурскі); 4. Што за гоман у двары? На вячоркі Талакою Нясуць ступу камары (М. Чарняўскі); 5. Сярожа з бабай Мар’яй так моцна дружаць, што не разліць вадою (У. Паўлаў); 6. Мама кажа: – Наш Пятрок Мае востры Язычок! (У. Шуцько); 7. І чаму гавораць так: Як пад горкай свісне рак? (А. Вольскі); 8. З класа выскачыў Рыгор, Не Рыгор ляціць – віхор: Да вушэй ракрыўся рот, Кулакі пускае ў ход (З. Бірала); 9. У пеўня казак – цэлы мех, Ды ўсе яны – курам на смех. (К. Камейша)

Практыкаванне 213. Прачытайце. Назавіце лексічныя сродкі выразнасці, акрэсліце іх ролю ў мастацкім кантэксце.

  1. А ён, Вялес, смяецца – Свайго і мы дажджом! І на зямельку льецца Дажджом ужо, дажджом… (Я. Сіпакоў); 2. Няма гармоніі, дый годзе: да чысціні ўсё ліпне бруд. А Гулівера часта водзіць за нос духоўны ліліпут; Ля вернасці снуецца здрада, пад маскай – чорная мана. Таму цьмянее часта радасць і прыпазняецца вясна (В. Жуковіч); 3. У цэнтры кампаніі шумнай – красуня – гарэза адна. І з мінай глыбакадумнай ка мне наплывае яна (В. Жуковіч); 4. Жывое рэха чаруе слова, Яму сунічна і верасова…; 5. Адны, вунь – За пахлёбку пасварыліся, Маўчаць, сычы! Другія жыць убога прымірыліся, Скарынічы… (А. Пісарык); 6. За смерць! – загудзела наўкола. – За смерць! – заскакала наўпрост. Крычалі Сярдун, Згубікола І Зноўзадзярыўгорухвост (Я. Сіпакоў); 7. І змрок, і ноч, зара і ранне – Пазнаў жыцця я спелы смак. Ды ўсё ж мяне гнятуць пытанні: Чаму? Чаго? Навошта? Як? (П. Панчанка).

Практыкаванне 214. Прачытайце. Знайдзіце лексічныя сродкі выразнасці ў паэтычным радку Максіма Танка.

  1. Лягчэй у небе нат Злавіць рукою птушку, Слана правесці праз Іголачнае вушка, Вярнуць разліў ракі ў яе былое лона – Як выпрастаць спіну, Сагнутую ў паклонах; 2. Колькі ў небе мадонн… З грудзьмі, набраклымі жніўнымі песнямі, З рукамі, загарэлымі ад абдымкаў з сонцам, З косамі, расчэсанымі ветрам; 3. Ну і сцёбае сваіх коней [Ілля-прарок] Дажджом-дратаванкай, Ну і паласуе папругай-маланкай, Ну і лупіць іх шляёй-вясёлкай; 4. Ляжаць пакошаныя травы, Не травы –казачныя сны, Не сны, а шолахі дубравы, Вясёлкі, галасы вясны; 5. У беларускую восень Нат і верабей багацее, Лес на грыбы не скупіцца, Пуні хмялеюць ад сена, Мёдам вуллі набракаюць. Сцежкі гараць ад лістоты, Скрыпкі грымяць на вяселлях; 6. Вось шэлест ветру прабег над пракосамі, Недзе камар ціха струны наладжвае, звон падала свой пчала, Пралятаючы, Ёй адказала асвянка сварлівая, Хрушч у літаўры шарахнуў мядзяныя, Чмель загудзеў, чмелянят аклікаючы…; 7. Не было суладдзя ў песнях, Покуль бусел рэй не ўзяў, Покуль сонца – бубен весні – З клёкатам не прыпадняў; 8. Паэзія – гэта адвечная цяга Вяршынь да нябёс, А траваў і дрэваў – Да сонца. Паэзія – гэта вясёлкавы мост Ад сэрца людскога да мары. Паэзія – дружба зярна і зямлі, Агню і крыві Прабуджэнне…; 9. Рассыпаюць хмары з сініх хустак Дажджоў сцюдзёную жарству; 10. Вечарэе. Дзень даўно павесіў На сасне касу зары.


Практыкаванне 215. Знайдзіце марфалагічныя сродкі выразнасці ў прыведзеных урыўках з твораў Янкі Сіпакова.

А. 1. Зялёным зацьменнем Турэцкі сцяг: Ідуць па цярпенню, Нібы па касцях, – Бліжэй… бліжэй… бліжэй; 2. Колер зацьмення: Чорныя кветкі, Чорнае неба І чорнае сонца На чорнай чужыне…; 3. Зажывём з табой мы, шчаслівыя, Будзе жыта ў нас – гоман гоманам, Будзе хата ў нас – з сосен жоўценькіх, А ў хаце ў нас – дзетак загучна, А ў клеці ў нас – жыту зацесна, А ў місе ў нас – скварак загуста, – Вось тады ўжо мы дамілуемся…; 4. Павекі ж – цяжкія, як горы… Зліпаюцца – не саўладаць.. І думка адна, нібы змора, – Спаць, спаць, спаць…; 5. І зловяць, і звяжуць, і скруцяць, Засопшыся ў той барацьбе; І ворагу ў цэпкія рукі Сябры твае кінуць цябе; 6. Пад гарою хатанятка Па страху ў зямлю ўрасла, А з акенца – як зярнятка Промень дзіўнага святла; 7. – Мамачка, мамка, а што там за крыкі? Чуеш, здаецца, там плачуць … – Сыне, мой сыне, то ж вецер вялікі – Бура пачнецца няйначай; 8. І я зразумеў між трывогі, Нібы зацкаваны той звер: Вось мае вочы – ногі, Я ім давярацьмець цяпер. (“Веча славянскіх балад”)

Б. Хто я?

Я жанчына, якая аднойчы разам з табою ўбачыла адзін і той жа міраж. Дарога ў пустыні цяжкая. Міраж ратуе мозг. Мозг ратуе цела. І ідзеш, ідзеж да міража. А пустыня бясконцая…

Люблю, люблю, люблю!

А ты ведаеш, як прачнуцца ўночы і адчуць рукою сценку канапы?

Люблю, люблю, люблю!

А ты ведаеш дзікунства і гордасць маёй рэўнасці?

Люблю, люблю, люблю!

А ты ведаеш, як невыносна думаць, што ў нас няма будучыні і ніколі не будзе нашага сына?

Ох, як балюча – балюча – балючанька…

Я не магу так! Чуеш, не магу…

Безвыходнасць – гэта імгненне. Жыццё – гэта вечнасць. Я заўсёды любіла жыццё і раніцу. Дзе ты, раніца?!

Каб ты ведаў, як мне зараз цяжанька і як трэба, каб ты выцер мне слёзы… (“Тыя, што ідуць”)

Практыкаванне 216. Знайдзіце сінтаксічныя сродкі выразнасці ў наступных вершаваных радках, дайце ім азначэнне, вызначыце іх функцыю.

  1. Каму б я верыў, Каб не ты? Мне б дзень быў шэры, Каб не ты. І цуд дзявочай Пекнаты Не грэў бы вочы, Каб не ты; 2. Цьмянелі, аддаляліся і чэзнулі Зялёныя і нябесныя агні. І я ступіў насустрач цёплай бездані Здзіўлення, шчасця, тайны, цішыні… (Г. Бураўкін); 3. Званок. Зноў бягу, пачынаю крычаць. У трубцы маўчаць. Я ў адчаі… І раптам знайшоў на званкі свой адказ – То дыхае час, то слухае час. Маўчанне… дыханне… маўчанне… (С. Законнікаў); 4. Дык які ж гэта дыспут, калі спрачаюцца нагамі? Дык які ж гэта пяроспар, калі спрачаюцца ногі з галавою, а не сэрца з сэрцам, душа з душою? (Я. Сіпакоў); 5. Я зрабіўся відушчым, але я – сляпы. Я спасціг суладнасць, але сам ператвараю яе ў хаос. Я авалодаў сутнасцю слоў, але самі яны выйшлі з-пад маёй улады (У. Арлоў); 6. Стаю ля жыта, Малюся жыту, Пішу пра жыта, Ізноў пра жыта: Умее жыта Душу лячыць. Пакінь, зязюля, Гады лічыць (П. Панчанка); 7. Я гляджу яму [сыну] услед, Праз слязу бачу свой сорак шосты, Як у школу-зямлянку ішоў Басанож. Перарослы… (У. Карызна); 8. Радзіма… У ёй да сканчэння вякоў прастору душа набывае. Магчыма, бывае малая любоў, святыні малой не бывае; 9. Калі б я жыў няўдумна, мне было б так сумна і не было б так сумна і не было б балюча; я матыльком над кручай лятаў бы лёгка, ціха, не ведаючы ліха. Але жыву я ўдумна. Балюча мне і сумна (В. Жуковіч); 10. За крок да ўдачы спынюся, за хвіліну да перамогі паглыблюся ў одум… Сябры ўздыхнуць і адыдуць прэч, жыццё ўсміхнецца і спыніцца побач. (А. Разанаў)


Практыкаванне 217. Прачытайце ўрыўкі з твораў Алеся Разанава і назавіце сінтаксічныя сродкі выразнасці.

  1. Канчаецца лета:

Лісце

туліцца да галіны,

галіна – да дрэва,

дрэва – да каранёў.

  1. Сваёй дарозе мера –

спрабуй, здзяйсняй, вяршы!..

У будучыню дзверы

не ў часе, а ў душы.

  1. Напярэдадні Новага года

шлём свае віншаванні – зычэнні небу,

а яно – усёй зямлі

Сняжынкі.

  1. Чакайце, птушкі,

чакайце, дрэвы,

чакай, зямля, –

куды вы без чалавека?!

5. У завеі – зямля, у завеі – дрэвы,

і людзі, якія жылі і якія яшчэ не

жылі, – у завеі,

і я таксама ў завеі…

6. Дзе яно, мінулае?!

Дзе яна, будучыня?!

Дзе яно, сёння!

  1. Болей няма на каго наракаць,

болей няма каму дзякаваць – за ўсё,

што давалася і адымалася, радавала і засмучала,

і болей няма каму ведаць, які я: добры альбо благі,

брыдкі альбо прыгожы, стары альбо малады…

8. Гавару, услухоўваючыся ў саму гаворку: што ў ёй?!

Гляджу, углядаючыся ў само ўгляданне: што ў ім?!

Думаю, удумваючыся ў самі думкі: што ў іх?!

Практыкаванне 218. Прачытайце ўрыўкі з мастацкіх тэкстаў і адзначце тропы, якія зніжаюць выразнасць маўлення.

  1. Расцірае ікры крэпкімі рукамі, Прагна грудзі валасатыя скрабе – Ажно чырвань падае шматкамі, Ажно радасць гулка ў скроні б’е; 2. Імжакай сутоніцца вуліца. Стаіць каля плота, сутуліцца; 3. Тонуць позіркі радасці ў зрэнках; 4. Гэты год будзе даўкім, як костка ў слюне… Як жывеш без мяне?; 5. Ракавінкамі катушак, бы ўгнаеннем, усыпаны на асушаным балоце чорныя агароды; 6. Гнёзды варон, бы каўтуны ў валасах, вісяць у дрэвах; 7. Гнілыя зубы лесу – ландашы ў час адцвітання; 8. Мной кіравала тады помста – як дзень, сляпая; 9. Забітае сонца ўплыло Далёка за край зямлі, І кроў на спіну сцякала Аблокам, што там плылі; 10. Дзядзька, як бусел, куляй падбіты, Сушыць на сонцы пратэз; 11. Гулі, як вены, правады.


Практыкаванне 219. Назавіце эпітэты. Якія прыметнікі-азначэнні, выкарыстаныя ў прыведзеных урыўках, не з’яўляюцца эпітэтамі. Складзіце вусна сказы ці словазлучэнні, каб гэтыя прыметнікі былі ў ролі мастацкіх азначэнняў.

  1. Адшумеў лістапад, адзвінелі дажджы, І зіма нагнала пякучых вятроў (П. Панчанка); 2. Нагледзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе (Я. Брыль); 3. На твар мне падаюць кроплі… Гэта бяроза нада мной, спакойная, мокрая, асенняя (А. Адамовіч); 4. На ўзлессі пахла апошнімі, пераспелымі суніцамі, прывялай духмянай травою, асіннікам (І. Мележ); 5. Расхрыстаныя насцеж вокны, брамы, Пакрыўджаныя хаты і двары З паўзмроку паўставалі перад намі, калі мы вёску бралі на зары. (М. Аўрамчык)

Практыкаванне 220. Прааналізуйце ўрыўкі з боку іх маўленчай выразнасці: знайдзіце тропы, дайце азначэнні кожнаму з іх, паразважайце над іх эстэтычнай вартасцю.

  1. Сёння заўважыў: Бяроза, што ў шыбіне прахла, Выпусціла лісцікі, Як кіпцікі, За жыццё ўхапілася прагна (У. Карызна); 2. Ахвота панскага жыцця, Ды ўсе не могуць быць панамі. Шукаем золата, смяцця Не бачым нават пад нагамі; 3. Самотных вершаў не пісаць, Нібыта ад сябе ўцякаць, Нібыта пальцы адсякаць; 4. Ганяе вецер, быццам прывіды, газеты, За імі мухі злосна чорныя гудуць (В. Шніп); 5. Машыны баяцца грымотаў. Такія яны дзівакі. Стаяць ля пад’ездаў і мокнуць, То зноў заскуголяць, то змоўкнуць, Як кінутыя шчанюкі; 6. Тут ранейшае цяжка пазнаць, Бо травою аплецены рэйкі, У вагонаў павыраслі стрэхі – Як бяспамяцтва нашага знак (А. Бадак); 7. Найцяжэйшы шлях кароткі: Слепата бярэ за глотку, Думкі сумныя варушыць, А гады дажджом цярушаць. Найдарожшы пот праліты… Золата і аксаміты З ім не могуць параўнацца: Пот праліты – гэта праца (А. Кавалюк); 8. Смугі хусцінку сонца адхіляе, Глядзіць ласкава, быццам прамаўляе, Што ты шапнуў на ўскрайку лета мне; 9. Яшчэ лагодна выцвілы блакіт. Пашорхваюць акацыі струкі. Дзень кожны гук на павуцінку ніжа. (Н. Мацяш)

Практыкаванне 221. Прачытайце. Назавіце сродкі выразнасці мовы ў прыведзеных сказах.

  1. Спадары! Дзверы не захлопвайце, а зачыняйце душэўна, а не ад душы! (з аб’явы ў грамадскім транспарце) 2. Рознай бываеш ты, ноч. Чорная, чорная, чорная, гэта цябе як няма. Светлая, светлая, светлая, як ты прыходзіш сама (П. Броўка); 3. Я чула пяшчотная, шчырасці поўнае, маё, беларускае, роднае, кроўнае, такое раптоўнае, такое чароўнае. Такое ласкавае, цёплае, чыстае, як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае, як казка, быліна, як песня, жаданае, дагэтуль зусім у жыцці не пазнанае, вясновае слова ад шчырага сэрца (Д. Бічэль-Загнетава); 4. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які трэба бясконца пісаць (Я. Брыль); 5. А ў небе, як краб у палонцы, высушвае промні тваё зледзянелае сонца (У. Някляеў); 6. – Свае, свае, хлопчыкі! – чуецца з месячнага паўзмроку, і ад гэтага водгуку ў мяне ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца (В. Быкаў); 7. Ты ўсё побач і ўсё той жа – як шпак у развяснелым садзе! (Н. Мацяш); 8. А восень-ключніца ідзе такою ціхаю хадою (П. Броўка); 9. Канчалася лета, зелянкова-блакітнае неба сеяла над горадам бязлітасна празрыстае халаднаватае святло (М.Стральцоў); 10. І, як смолкая жывіца з падсечанай хвойкі, выступала і дадавала адвагі і жудаснай радасці, што Аўсянік не падобны да канакрада ці злодзея. (В. Адамчык)


Практыкаванне 222. Знайдзіце фанетычныя сродкі выразнасці ў вершы Алеся Разанава “Год”.

Год – Бог (Gott): ён усё ўмяшчае, усё змяняе, усім кіруе, на ўсё накладвае свой адбітак.

Рухомы і круглы, нібы карагод, год апярэзвае повяззю згоды канец і пачатак, годзе і кагадзе, і тое, што аддаляецца, загадкавым чынам набліжае зноўку.

Не стары і не малады, год доўжыцца заўсёды, не аддзелены ад гадзін, дзён, тыдняў і месяцаў, але не зводзячыся да іх.

Год добры, год годны: ён дагаджае ўраджаю і гадуе гавяду, спагадае кволаму і ўлагоджвае дужае, усталёўвае над зямлёй пагоду і адварочваецца ад непагадзі і нягоды.

Год аб’яўляецца ў нагодах і пакідае згад аб сабе ў прыгодах.

Практыкаванне 223. Прачытайце верш Уладзіміра Караткевіча “Эмігранты”, прааналізуйце яго мову. Слоў з прамым ці з пераносным значэннем тут ужыта найбольш? Чаму? Якія экстралінгвістычныя фактары ўплываюць на выразнасць маўлення?

Двух зубраў ад нетраў Белавежы

На Каўказ завезлі, аддалі.

Там лугі зялёныя, бязмежныя,

Там багата сонца і зямлі…

Хмары над лясамі залатымі,

Соль, трава, вадзіцы смачнай жмут,

Лёгка дыхаць, так як на радзіме,

Але ў кожнага ёсць родны кут.

Дзеці гэтага не разумеюць,

Нарадзіўшыся ў чужым бары,

І на тое, як яны дурэюць,

Непахвальна дзівяцца зубры.

На празрыстых, светла-сініх водах

Сняцца ім айчыны берагі,

Папараць, імшаныя калоды,

Сінія пад месяцам лугі,

Сінія пралескі на сугрэве,

Мухамор чырвоны ля азёр

І калоны манументаў – дрэваў,

Што вярхамі дастаюць да зор.

Практыкаванне 224. У прыведзеных урыўках знайдзіце выклічнікі і гукапераймальныя словы, акрэсліце іх ролю ў стварэнні выразнасці мовы паэтычнага радка.

  1. І цішыня, І ў сэрцы песня шчасця Зліваецца з пяшчотным і любоўным Сінічым галаском непадалёку: “Цы-віць, цы-віць…”; 2. Яліна над сцежкай маёй – Не яліна, а баба-яга. Сава ў глушыні лясной Прарочыць: “Куга! Куга!”; 3. – Алёначка! Ого-го! Спаткай, за руку бяры. Выведзі Яна свайго Да цёплай хаты ў бары; 4. Ці-і-іпак, Ці-і-іпак. Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі. Шпак на галіне бярозы высокай, Чорны шпак, Трапёткі шпак; 5. Ах, якое грознае гора! Ах, якая журба ў світанні: На вачах у нябёсаў чорных На расстрэл адводзяць каханне; 6. О, якая залатая восень! О, як стогне пад снапамі воз! Павуцінне, “пража маткі боскай”, Заплятае халадок нябёс; 7. Белы козлік выбраўся са сховаў І – чуйдух! – пацокаў да ракі. І замэкаў, застагнаў, заплакаў, Высунуўшы шэры язычок: “Пашкадуй, Алёначка, сястрыца, Выйдзі да мяне на беражок”. (У. Караткевіч)