ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2435
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
…Вось ліст дубовы, маленькі, карычневы – адбітак сонечнай ласкі. Спаліла тая ласка цябе, лісток, заўчасна. Такая празмерная ласка заўсёды некага замучыць, а то і зжыве зусім.
Дубы раслі ля калгаснага сада; дазорам акалялі яны грушы і паляну, перасыпаную купкамі чабору. А нам, малым, так хацелася тых сало-о-одзенькіх грушак! І ўдыхнуць таго траўнага водару, які, здаецца, і цяпер яшчэ кружыць мне галаву – у сад майго маленства кліча...
Вось ліст рабіны. Ссох, скурчыўся, склаўся ў кулачок. На каго злуеш, даражэнькі? Злосць яшчэ нічога не ўпрыгожыла на гэтым свеце. Ды і на тым таксама.
…Рабіна расла каля хаты маёй сяброўкі; тады здавалася, што гараць гронкі запрашальным полымем – “заходзь на агеньчык”. А цяпер нібы сігналіць рабіна, як святлафор: чырвоны – значыць няма ходу. Вось і думай цяпер сваёй галавой, а не чужой… Чужая галава так навучыла, што жывуць у тым доме іншыя людзі, а сяброўка тая ўжо не мая – чужая!..
…Адкуль ты тут, ліст з таполі? Счарнелы і скурчаны, як прачытаная, спаленая і выкінутая паштоўка. Не ўчора, значыць, пакінуў галіну гэты ранні вандроўнік. Не дай Божа нікому рана пакікуць бацькоўскую хату па ўласным жаданні, а потым счарнець вось так, сумуючы па ёй…
Таполі растуць за бацькоўскім агародам. Адна вялізная, адзін за тры разы не ахопіш, казалі, засталася яшчэ з панскага парку, астатнія, меншыя, абступаюць яе – слугуюць, як дзеці, удзячныя маці…
Лістоў “у таполях” насыпáлася процьма, і я бегала па іх, прыслухоўваючыся да восені… Я спявала сабе. Я марыла аб далях… Потым мама клікала мяне – і я неслася, расставіўшы рукі самалёцікам, дадому.
Пакліч мяне, мамачка, і я кіну свае справы, як тыя жоўта-чорныя лісты, і прыбягу да цябе зноў… (А. Багамолава)
Тэкст 13.
Мабыць, галоўныя адрозненні ў псіхіцы беларуса і жыхароў мясцін, дзе мала лясоў, склаліся пад уплывам навакольнага пейзажу.
Лес выхаваў характар беларуса. Наш чалавек і лес – родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, які расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлямі бародамі сівога моху на ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але на выгляд чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.
Менавіта таму столькі ўвагі аддаецца захаванню, абароне, развядзенню лясоў. Недахопаў у гэтым яшчэ шмат, аднак праца ляснічых і палясоўшчыкаў, азеляняльнікаў, батанікаў, заолагаў, паляўніцтвазнаўцаў паступова прыносіць свой плён.
Пад ахову ўзяты многія жывёлы, расліны, рыбы, птушкі і звяры, асобныя дрэвы і цэлыя лясныя масівы.
У Беларусі існуе шмат заказнікаў і запаведнікаў. Бярэзінскі запаведнік абараняе ўвесь жывёльны свет, але асабліва мядзведзя і бабра. У Белавежскім запаведніку галоўнымі панамі з’яўляюцца высакародны алень, бабёр, лось і зубр. А Прыпяцкі запаведнік створаны для аховы раслін, звяроў, птушак, якія сустракаюцца на Палессі. (У. Караткевіч)
Тэкст 14.
І наступіла восень. Верасень жаўціў дзе-нідзе лісце на бярозах, а каштаны на цэнтральных вуліцах горада, дзе было шмат машын, зусім пажоўклі.
Павуцінне з малюпасенькімі павучкамі залятала нават у горад, ляцела сівымі ніцямі ў паветры, чаплялася за рамы, за галіны дрэў, за клумбы, дзе дагаралі незгасальным агнём чырвоныя вяргіні.
З каштанаў падалі зялёныя калючыя шары, разбіваліся аб асфальт, і з мясістай абалонкі выглядаў вільготны, карычневы плод. Дзеці падбіралі іх і рабілі каралі. Нават дарослым хацелася часам, калі ніхто не бачыў, прыкласці халодны карычневы шарык да вока ці да шчакі. А закаханыя, калі знаходзілі два каштаны ў адной калючай бомбе, бралі іх сабе на шчасце.
Над ракой пачынаў ужо віцца туман, і гарэлі на ўзлессях прыгарадных лясоў асіннікі, як быццам жадалі сказаць людзям, што, пакуль яны гараць і грэюць неба, няма чаго баяцца ранішніх халадоў: асіна заўсёды чырванее першай, калі яшчэ цёпла. Яна – зябкае дрэва і нават летам дрыжыць пад цёплым ветрам.
Берасневіч прыехаў у горад раней за іншых студэнтаў, і для яго з Алёнкаю пачалася другая вясна. Увосень пачуцці робяцца больш вытанчанымі, яны прасякнуты як быццам сумам адыходзячай восені і памірання жоўтых лісцяў. Іншы раз здаецца, што побач з табою не каханая, якую ты ведаеш да апошняга жэсту, а любімая сястра.
Так было і з імі… (У. Караткевіч)
Тэкст 15.
Адміністрацыя Першамайскага раёна г. Віцебска
ад 08.05.2002
№161
Аб прызначэнні апёкі, грашовых выплат,
прысваенні і зняцці статусу “апякунская сям’я”
Выпіска з рашэння
Разгледзеўшы заявы грамадзян, кіруючыся арт.142, 143, 144, 145, 148, 149, 151, 153, 154 “Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і”, інструктыўна-метадычным пісьмом “Аб матэрыяльным забеспячэнні дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў…”, адміністрацыя Першамайскага раёна вырашыла:
-
Прызначыць грашовыя выплаты ў сувязі з усынаўленнем
Сцяпанавай Святланай Міхайлаўнай, якая пражывае ў горадзе Віцебску па адрасе: вул. Залатагорская д.1, кв.17, на ўтрыманне непаўналетняй Кузняцовай Валянціны Пятроўны, 04.05.1991 года нараджэння.
Забалотнай Ірынай Мікалаеўнай, якая пражывае ў горадзе Віцебску па адрасе: вул. Парахавая д.6, кв.47, на ўтрыманне непаўналетняй Івановай Вольгі Паўлаўны, 21.03.1996 года нараджэння.
Галава адміністрацыі В.М. Ціценка
Упраўляючы справамі К.Я. Кавалёў
Тэкст 16.
У пачатку ХІІ ст. у Балоньскай школе, ці ўніверсітэце, (Італія) ужо былі студэнты. Гэта слова паходзіць з лацінскага “студэнс” – старанна займацца, працаваць. Шлях студэнта (на першым этапе вучобы ён зваўся схалар) пачынаўся з запісу яго на падрыхтоўчы факультэт. Пасля чаго ён пераходзіў на адзін са “старэйшых” факультэтаў: багаслоўскі, медыцынскі або юрыдычны. Лекцыі пачыналіся з пяці гадзін раніцы і працягваліся чатыры гадзіны. Падручнікаў не было, лекцыі запісваліся. Самым стамляльным быў выпускны экзамен. На студэнта на працягу дня (з шасці гадзін раніцы да шасці вечара) “нападалі” не менш чым два дзесяткі апанентаў. Пры гэтым сам студэнт не павінен быў ні адпачываць, ні есці, ні піць. Пасля здачы экзаменаў усё завяршалася “банкетам Арыстоцеля”. (І. Шпадарук)
Тэкст 17.
Якая яна, мая зямля? Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой дом, сваю праўду і веру.
Памяць маёй зямлі пра гэта і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, і ў барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзу часоў апошняй вайны, і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам.
І перш за ўсё, памяць маёй зямлі – гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменю і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць песні, складаць вершы.
Таксама якасць нашай памяці: ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды не ўставалі на шляху. Стварыць непаўторны фальклор, першымі ў свеце сярод усходніх славян надрукаваць Біблію ў перакладзе на родную, беларускую мову. І не перарываць ані на год той стыхіі, плыні той вялікай ракі, якая валадарыць чалавечым сумленнем і душамі і імя якой – літаратура. Шанаваць памяць яе дзеячаў, ствараць на месцах, дзе яны нарадзіліся і дзе паэзія нарадзілася ў іх душах, запаведнікі. І там калыска можа нарадзіць Песню і Неўміручасць. (У. Караткевіч)
Тэкст 18.
Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны. Тут, мусіць, і ўлетку не часта езділі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам. І ўсё ж яны не памыліліся. Углядаючыся праз голы, затуманены прыцемкамі хмызняк, Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені. Тады іх чалавек пяць з групы Смалякова неяк пад вечар таксама прабіраліся па гэтай дарозе на хутар, каб раздабыць харчу, адпачыць і пасушыцца ў цяпле.
Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае без зор неба. Але з ім было неяк весялей, нібы хто жывы рупна праводзіў у гэтай дарозе. У лесе было змрачнавата, аднак паблізу, па чыстай белі снягоў, няблага ўгадвалася дарога. Тое, што яна аказалася зусім без следу, хоць і давала нагам працы, але засцерагала ад нечаканасцей: наўрад ці хто будзе пільнаваць іх тут, у гэтай глушэчы. Тым не менш Рыбак усё ж асцярожнічаў, асабліва пасля няўдалага заходу ў Гліняны, дзе яны, пэўна, трапілі б у рукі немцаў, калі б не адзін сустрэчны дзядзька. Дзядзька папярэдзіў, што пад вечар у вёску наехала немцаў, і яны павярнулі ў лес, да гэтага хутара. (В. Быкаў)
Тэкст 19.
Максім Багдановіч…
Кароткі быў яго жыццёвы шлях. Ён вымяраецца дваццаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Ён жа – закончыў. І, можа, таму, што прадчуваў блізкую развязку, спяшаўся, працаваў, не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творы.
У яго не было зацягнутага перыяду вучнёўсва. Пра сябе як паэта ён заявіць адразу і адразу ж упэўненай хадой пойдзе наперад, пераадольваючы цяжкасці. А іх было нямала.
Толькі пяць гадоў жыў ён на Беларусі. Астатняе жыццё прайшло па-за яе межамі. Таму родную мову, на якой рашаецца тварыць, давядзецца вывучаць па бацькавых этнаграфічных запісах ды па кнігах. І наперакор вялікадзяржаўным скептыкам, якія не прызнавалі за беларускай мовай яе самастойнасці, дакажа, што яна ніколькі не бяднейшая і не горшая за іншыя мовы, што ёй падуладны ўсе віды і жанры, зведаныя і асвоеныя высокаразвітымі літаратурамі, і што на ёй можна паспяхова перадаваць найтанчэйшыя адценні чалавечых пачуццяў.
Шмат часу мінула з тае пары. Сёння мы ўжо не баімся даваць яму найвышэйшую ацэнку, не баімся ставіць яго імя побач з імёнамі выдатных еўрапейскіх пісьменнікаў. Створанае ім вытрымала выпрабаванне часам і не толькі не паблякла, а, наадварот, яшчэ ярчэй зазіхацела, здзіўляючы сваім хараством увесь славянскі свет. (А. Бачыла)
Тэкст 20.
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё. (А. Вярцінскі)
Тэкст 21.
Праўда належыць да надзвычай тонкіх каштоўнасцяў і, перададзеная без любові, можа глыбока параніць чалавека і нават скалечыць яго на ўсё жыццё. Перададзеная ж з любоўю, часам вельмі горкая праўда не знішчае чалавека, а ўзбагачае. Каб мець права рабіць заўвагу, трэба яшчэ любіць чалавека, якому гэта праўда гаворыцца.
Хочацца вылучыць два прынцыпы, якія трэба мець на ўвазе, гаворачы праўду іншым людзям.
Першы прынцып – гэта усведамленне сваёй уласнай слабасці. Гэта пра тое, што мы заўважаем парушынку ў воку свайго брата і забываем пра бервяно, якое тырчыць у нашым уласным воку. Бывае, што мы спрабуем папраўляць іншага чалавека, указваючы яму на яго памылкі, якія часам у сто разоў меншыя за нашы ўласныя. Трэба пачаць з сябе, з выцягвання бервяна з уласнага вока. Толькі такі чалавек зразумее, колькі патрэбна намаганняў, каб выправіцца. Дзейсна можна дапамагчы іншаму толькі тады, калі на ўласным прыкладзе пакажам магчымасць выпраўлення саміх сябе. Усведамленне ўласнай слабасці змушае да вельмі асцярожнага ўказвання на памылкі іншаму чалавеку.
Другі прынцып. Сяброўская заўвага, на мой погляд, робіцца без сведкаў і непасрэдна таму чалавеку, які зрабіў памылку, бо нельга гаварыць пра памылкі іншага за вочы. Калі ж гэта будзе безвыніковым, трэба узяць сведку і не з ім, але ў яго прысутнасці зрабіць заўвагу таму, хто памыліўся. І толькі тады, калі і гэта не дапаможа, можна раскрыць праўду, робячы яе агульнавядомай. Калі ж і гэта не дапамагло, то трэба адысці ад такога чалавека, каб яго нядобрыя паводзіны не ўплывалі на вас.
Часцей за ўсё замест таго, каб з любоўю зрабіць заўвагу непасрэдна таму, хто гэтага заслугоўвае, людзі крытыкуюць яго за вочы.
Канешне, рабіць заўвагу нялёгка. Але, мне здаецца, калі гэта адбываецца па гэтых прынцыпах, то прыносіць плённыя вынікі.
Такім чынам, трэба было б рабіць заўвагі іншым так часта, як часта мы самі здольныя ўспрымаць заўвагі, тады мы здолеем захаваць раўнавагу крытыцызму. Пры гэтым варта памятаць, што пакуль побач з намі ёсць хтосьці, хто нам робіць заўвагі, датуль усё добра. Калі ж праходзяць тыдні і нават месяцы і ніхто нам не робіць заўвагу, то гэта зусім не азначае, што мы – дасканалыя і не робім памылак. Хутчэй за ўсё гэта значыць, што побач з намі няма чалавека, які б нас па-сапраўднаму любіў, якога б не хвалявала тое, што з намі адбываецца. Калі такога чалавека не будзе, то мы застанемся ў адзіноце – а гэта ўжо няшчасце.