Файл: Семянькова. Стылістыка і КБМ.doc

ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 26.09.2025

Просмотров: 2414

Скачиваний: 1

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

СОДЕРЖАНИЕ

А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306

Прадмова

Уводзіны

Тэарэтычная частка

Функцыянальныя стылі

Сучаснай беларускай мовы

Афіцыйна-справавы стыль

Жанры афіцыйна-справавога стылю

Навуковы стыль

Жанры навуковага стылю

Публіцыстычны стыль

Жанры публіцыстычнага стылю

Гутарковы стыль

Стыль мастацкай літаратуры

Жанры мастацкага стылю

Канфесійны стыль

Камунікатыўныя якасці маўлення

Правільнасць маўлення

Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы

Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы

Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы

Правільнасць маўлення: лексічныя нормы

Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы

Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы

Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы

Дакладнасць маўлення

Лагічнасць маўлення

Чысціня маўлення

Дарэчнасць маўлення

13 Сентября 2006 года

Багацце маўлення

Выразнасць і вобразнасць маўлення

Сцісласць маўлення

Практычная частка

Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі

Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.

Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)

Тэксты для аналізу

Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню

Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.

Мнагазначнасць фразеалагізмаў

Габелен і кераміка 90-х...

Самая прыгожая жанчына

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту

Узоры тэстаў

Спіс літаратуры

Адказы да тэстаў

2) адсутнасць эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Аднак поўнасцю адмаўляць эмацыянальнасць і вобразнасць у названым стылі нельга: яны ўласцівы ў першую чаргу навукова-папулярным тэкстам, а таксама палемічнай і навучальнай літаратуры, бо актывізуюць увагу чытача. Акрамя гэтага многія тэрміны ўзніклі на аснове пераносу, напрыклад, падэшва гары, корань слова;

3) шырокае выкарыстанне абстрактнай лексікі: мысленне, адлюстраванне, гіпотэза, выпарэнне, асаблівасць, замярзанне, правільнасць, аргумент, абстракцыя, значымасць, аспект, функцыя. Абагульнены характар тэкстам надаюць словы звычайна, заўсёды, пастаянна, сістэматычна, рэгулярна, усякі, кожны, любы′;

4) частотнасць складанаскарочаных слоў, якія з’яўляюцца тэрмінамі, напрыклад ЛСГ (лексіка-семантычная група), ФА (фразеалагічная адзінка), ЦНС (цэнтральная нервовая сістэма), ККД (каэфіцыент карыснага дзеяння);

  1. ужыванне скарачэнняў, умоўных абазначэнняў, формул, графікаў, схем, дыяграм: 5 см, Н2О, СО2;

6) наяўнасць фразеалагічных словазлучэнняў тэрміналагічнага характару: санорныя гукі, дзеепрыслоўнае словазлучэнне, адкрыты рад аднародных членаў, перакрыжаванае апыленне, вегетацыйны перыяд, ланцужок харчавання, складаны каташок, шчытападобная залоза. Такія словазлучэнні ўзнікаюць са свабодных спалучэнняў на аснове пераносу, але з цягам часу экспрэсіўнасць і вобразнасць у іх сціраюцца і словазлучэнні становяцца састаўнымі тэрмінамі;

7) адсутнасць нелітаратурнай лексікі – жарганізмаў, дыялектызмаў, размоўных, грубых, лаянкавых слоў.

Навуковаму стылю ўласцівы наступныя марфалагічныя рысы:

  1. іменны характар мовы, перавага іменных часцін мовы над дзеясловамі;

  2. шырокае выкарыстанне абстрактных назоўнікаў з фіналямі -нне, -цыя, -асць, -ка: рашэнне, выкарыстанне, ужыванне, словаўтварэнне, даследаванне, вывучэнне, сістэматызацыя, класіфікацыя, магчымасць, залежнасць, абумоўленасць, распрацоўка. Як бачна, многія з такіх назоўнікаў з’яўляюцца аддзеяслоўнымі;

  3. расшчапленне выказніка: ужыванне спалучэнняў знаходзіць прымяненне, аказваць уплыў, рабіць разлікі, рабіць назіранні, рабіць вымярэнні, рабіць аперацыю замест адпаведных дзеясловаў прымяняць, уплываць, разлічваць, назіраць, вымяраць, аперыраваць;

  4. адсутнасць дзеясловаў у форме 1-й і 2-й асобы, большасць дзеясловаў ужыта ў форме 3-й асобы цяперашняга часу: увага сканцэнтравана на змесце, а не на суб’екце дзеяння, дзеясловы абазначаюць пастаянныя ўласцівасці, прыметы, якія з’яўляюцца пазачасавымі. Пры гэтым асабовы займеннік ён (яна, яно, яны) паказвае на паняцце, з’яву, тэрмін, а не на асобу. Напрыклад: Коска ставіцца паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі яны маюць адносіны пералічэння і цесную сэнсавую сувязь паміж сабой; Па структуры ўсе прозвішчы падзяляюцца на першасныя і другасныя. Прозвішчы на -онак /-ёнак і на -еня /-эня бытуюць толькі ў беларускай мове;


5) ужыванне складаных слоў з каранёвымі марфемамі грэчаскага і лацінскага паходжання аэра- ‘паветра’, баты- ‘глыбокі’, гала- ‘соль’,геа- ‘Зямля’ (гл. іншыя прыклады ва “Уводзінах” на с. 12):аэрабіёнт,батыскаф, геабатаніка, гідрафобія, сапрафіт;

6) адсутнасць асабовых займеннікаў я, ты, вы. Наяўнасць дадатковых сэнсавых адценняў у займенніка мы, які можа абазначаць ‘мы сумеснасці’ (мы з вамі) і выражаць саўдзел са слухачом ці чытачом. Займеннік мы выкарыстоўваецца таксама для абазначэння любой асобы, чалавека ўвогуле: мы можам прасачыць; мы выявім найбольш ужывальныя формы.

Формы 1-й асобы адзіночнага ліку дзеясловаў і займеннік я ў навуковай літаратуры не ўжываюцца, бо ўвага тут сканцэнтравана на змесце выкладу, а не на суб’екце. Нярэдка займеннік ў сказе зусім адсутнічае: Услед за Г. Бучко лічым мэтазгодным раскласіфікаваць першасныя прозвішчы на антрапонімы субстантыўнага і ад’ектыўнага характару (з дысертацыі).

Не выкарыстоўваюцца формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку як канкрэтныя, што абазначаюць аўтара маўлення і адрасата. У навуковых жа тэкстах аўтар і адрасат адхілены, бо тут важна не хто гаворыць, а пра што гавораць. Адрасатам навуковай інфармацыі з’яўляецца не канкрэтная асоба, а нявызначанае шырокае кола людзей;

7) частотнасць дзеясловаў незакончанага трывання, якія называюць пастаянную ўласцівасць, дзеянне (дзеяслоў спрагаецца, назоўнік скланяецца, металы ўступаюць у рэакцыю з кіслотамі);

8) ужыванне абстрактных і рэчыўных назоўнікаў у форме множнага ліку, што вядзе да іх канкрэтызацыі і тэрміналагізацыі: блакітныя гліны, санорныя гукі, актыўныя кіслароды, высокія тэмпературы, шумы ў сэрцы;

9) перавага аналітычнай (складанай) формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання прыметнікаў над сінтэтычнай (простай): найбольш распаўсюджаныя, больш эфектыўныя, менш прадуктыўныя. Пры гэтым найбольш характэрна ўтварэнне найвышэйшай ступені пры дапамозе прыслоўяў найбольш, найменш, зрэдку далучаецца слова вельмі, слова ж сáмы практычна не выкарыстоўваецца. Сінтэтычная форма амаль не ўжываецца, бо з’яўляецца эмацыянальнай;

10) высокая частотнасць састаўных адыменных злучнікаў і прыназоўнікаў пры дапамозе, у сувязі з, у адпаведнасці з, у параўнанні з, у якасці, у выніку, па прычыне, на аснове, у адносінах, у залежнасці ад;


11) перавага адносных прыметнікаў над якаснымі і прыналежнымі: Славяне, як правіла, даюць сваім дзецям кананічныя імёны, што прыйшлі да нас разам з прыняццем хрысціянства; Знешняя форма, гучанне ўласнага імені нярэдка з’яўляецца паказчыкам таго, прадстаўнік якой народнасці або нацыянальнасці перад намі; Як вядома, славянскім і іншым антрапанімным сістэмам здаўна ўласціва традыцыя называць чалавека па месцы яго нараджэння або жыхарства;

12) прадуктыўнасць формаў роднага склону назоўнікаў, якія пераважаюць над астатнімі формамі і выступаюць, як правіла, у ролі азначэння: тэмпература замярзання, рэакцыя далучэння, асіміляцыя гукаў, супастаўленне нашых назіранняў з матэрыяламі дыялектных атласаў. Нярэдка назіраецца нанізванне формаў роднага склону, напрыклад: вывучэнне тэрытарыяльных асаблівасцей размяшчэння прозвішчаў; не кожная прымета можа выступаць у якасці семантычнага ядра лексіка-семантычнай групы; адносна першага спосабу аб’яднання слоў. Пасля роднага склону па частотнасці ўжывання стаяць формы назоўнага і вінавальнага склонаў; у складзе пасіўных канструкцый распаўсюджаны формы творнага склону: адкрыты Дарвінам, вынайдзены Мендзялеевым, сфармуляваны Арыстоцелем.

Імкненне да інфармацыйнай насычанасці дыктуе наступныя сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю:

  1. перавага розных па структуры складаных сказаў над простымі. Сярод складаных найбольш распаўсюджаны злучнікавыя, сярод простых – няпэўна-асабовыя аднасастаўныя, абагульнена-асабовыя і безасабовыя;

2) сярод злучнікавых сказаў найчасцей ужываюцца складаназалежныя, для якіх характэрна наступнае: асноўную інфармацыйную нагрузку нясе даданая частка, галоўная ж пазбаўлена ці амаль пазбаўлена зместу і служыць для пераходу ад адной думкі да другой. Тыповымі з’яўляюцца наступныя канструкцыі ў ролі галоўнай часткі: Варта адзначыць, што…; Неабходна падкрэсліць, што…; Вартай увагі падаецца думка, што…; Матэрыял даследавання паказвае, што…; Нашы назіранні выявілі, што… Замест прыведзеных вышэй складаназалежных могуць выкарыстоўвацца таксама складаныя бяззлучнікавыя сказы тыпу Варта адзначыць наступнае: …; Матэрыял даследавання паказвае наступнае: …; Нашы назіранні выявілі наступнае: …;

3) частотнасць сказаў з састаўным іменным выказнікам, што абумоўлена задачай навуковых тэкстаў – вылучаць прыметы, уласцівасці, якасці даследаваных з’яў і прадметаў;


4) шырокае выкарыстанне пабочных канструкцый, прыслоўяў, злучнікаў па-першае, па-другое, такім чынам, значыць, з аднаго боку, з другога боку, затым, таму, пагэтаму, у выніку, так, нарэшце, якія лагічна звязваюць часткі тэксту;

  1. прамы парадак слоў: Лінгвістычныя карты ілюструюць наяўнасць пэўных макраарэалаў – значных па плошчы зон, дзе прадуктыўнасць або ступень лакалізацыі прозвішчаў прыкладна супадае (з дысертацыі);

  2. ускладненасць сказаў дзеепрыслоўнымі і дзеепрыметнымі словазлучэннямі, аднароднымі членамі, устаўнымі і ўдакладняльнымі канструкцыямі. Пры гэтым называецца крыніца інфармацыі, канкрэтызуецца, абмяжоўваецца аб’ём, што спрыяе сэнсавай дакладнасці і інфармацыйнай насычанасці. Напрыклад: Энцыклапе­дычныя (ад грэч. enkyklopaideia – кола ведаў) слоўнікі – даведачныя навуковыя выданні, якія ў сціслай форме змяшчаюць звесткі па ўсіх ці асобных галінах навукі. У залежнасці ад аб’ёму энцыклапедыі падзяляюцца на вялікія (некалькі дзесяткаў тамоў ці больш за дзесяць), напрыклад, “Большая Советская Энциклопедия” (30 т.), “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (12 т.), і малыя, або кароткія (чатыры-шэсць тамоў) – “Беларуская ССР: Кароткая Энцыклапедыя” (5 т.), і адна- , трохтомныя, якія звычайна называюцца энцыклапедычнымі даведнікамі – “Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік” [48, с. 99];

  3. апавядальны характар мовы, адсутнасць пытальных і клічных сказаў.

Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што неагульна­даступнасць навуковага стылю – гэта не характэрная яго рыса, а вынік індывідуальнага стылю прац асобных аўтараў, якія, імкнучыся да залішняй “навуковасці”, злоўжываюць спецыяльнай тэрміналогіяй. М.Я. Цікоцкі прыводзіць наступны прыклад двух тоесных па змесце сказаў, першы з якіх напісаны зразумелай навуковай мовай, а другі – псеўданавуковым (гелертэрскім) стылем: Сустракаючыся часта ў спалучэнні з дзеясловам, дапаўненне ператвараецца з неабавязковага члена дзеяслоўнага комплексу ў абавязковы. Фрэквенцыйнасць аб’ектыўнай дэтэрмінацыі дзеяслова садзейнічае трансфармацыі аб’екта з факультатыўнага ў аблігатарны кампанент вербальнага комплексу [53, с. 263].

Чытачу прыкладаў, падобных на апошні, прыходзіцца пераадольваць не толькі цяжкасці зместу, але і цяжкасці формы падачы. Таму адной з галоўных задач, якія стаяць перад навукоўцамі, неабходна лічыць імкненне выкладаць даступна, гэта значыць падаваць матэрыял так, каб пры адпаведнай падрыхтоўцы чытача разуменне ім зместу не выклікала цяжкасцей.