ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2434
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Калі ж цытата мае не апавядальную, а клічную ці пытальную інтанацыю, то адпаведны знак прыпынку ставіцца перад дужкамі, у якіх даецца пашпартызацыя, а кропка ставіцца пасля дужак:
Багачы і панства, нашы “дабрадзеі”! Мы на суд вас клічам, каты вы, зладзеі! (Янка Купала).
Асобная глава ў Правілах-2008 прысвечана пытанню спалучэння знакаў прыпынку, і гэта лагічна, паколькі ў некаторых маўленчых сітуацыях нельга абысціся без такога пунктуацыйнага афармлення. Спынімся на асобных момантах.
У канцы пытальных сказаў, якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй, спачатку ставіцца пытальнік, а потым – клічнік: Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой?! (А. Звонак).
У канцы клічных сказаў, якія вымаўляюцца з пытальнай інтанацыяй, спачатку ставіцца клічнік, а потым – пытальнік: Слова нельга сказаць!? (К. Чорны).
Пры спалучэнні знакаў прыпынку часам адбываецца іх паглынанне. Напрыклад, пры спалучэнні шматкроп’я з коскай коска не ставіцца: Валюня… слаўная мая… скажы ты мне што-небудзь, га?.. (К. Чорны); І там… на дне… цвілі лілеі ў багне вечнасці… (М. Багдановіч); Згубілі вербы каляровасць, а там снягі… снягі… снягі… (П. Трус).
Калі пасля працяжніка стаяць словы, якія выдзяляюцца па адпаведных правілах коскамі (напрыклад, пабочнае слова), то коска перад ім апускаецца: Удасца ім зашыцца ў лес_ – напэўна, адарвуцца ад пагоні; Паспееш зрабіць усё да вечара_ – можа, дазволю схадзіць на вячоркі.
Калі перад закрывальным двукоссем стаіць пытальнік, клічнік або шматкроп’е, то яны паўторна не ставяцца пасля двукосся: Ці вучылі вы ў школе верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”. Неаднолькавыя знакі (калі яны патрабуюцца ў залежнасці ад характару адпаведных частак тэксту) ставяцца перад двукоссем і пасля яго: Вы чуеце, як мне пяюць натхнёныя паэты? Як шэпчуць закаханыя: “люблю!..”? (Э. Валасевіч); Якая галоўная думка выказана ў вершы Якуба Коласа “Асадзі назад!”?
У канцы загалоўка кропка не ставіцца:
НЕБА НАД МАМІНАЙ ХАТАЙ_
Дагарэла нейчая душа –
Знічка рассыпаецца імкліва…
Не ўтрымаўшы зорнага каўша,
Зорнае млынар рассыпаў мліва…
Р. Барадулін.
Калі загаловак складаецца з некалькіх сказаў, то кропка не ставіцца толькі ў канцы ўсяго загалоўка (паміж сказамі ў загалоўку кропка ставіцца). Аднак калі пасля загалоўка размешчаны падзагаловак, то паміж імі кропка не ставіцца:
СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА_
Уводзіны.
Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія.
Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія.
Графіка. Арфаграфія_
У сшытках для навучальных і кантрольных работ пры ўказанні віду работы (сачыненне, пераказ, водгук, дыктант) загаловак запісваецца без двукосся і кропкі.
Інтанацыйныя знакі прыпынку (клічнік, пытальнік, шматкроп’е) пасля загалоўка ставяцца:
ЖУРБОТНА…
Няшчадны лёс
Дамалаціў гадоў калоссе,
Каб словазерні прараслі ў вякі.
І там над Васілём
Журботна занялося
Сузор’е звечарэлых хат –
Бычкі… (Р. Барадулін)
Часам пры афармленні цытат (тое самае адносіцца і да простай мовы) ужываюцца ўнутранае і знешняе двукоссі, тады ў друкаваным тэксце яны павінны адрознівацца паміж сабой малюнкам (так званыя “елачкі” і “лапкі”), прычым знешняе двукоссе не павінна апускацца: «Як слушна сцвярджае прафесар В.С. Варапаева, падлеткам вельмі падабаецца твор Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”».
Пры напісанні справавых папер, а таксама тэкстаў іншых стыляў часта ўжываюцца прыдаткі з удакладняльным значэннем, у прыватнасці тыя, якія з’яўляюцца ўласнымі імёнамі. Калі такія прыдаткі ўжываюцца ў постпазіцыі да агульнага назоўніка і перад імі без змены сэнсу можна ўставіць словы гэта значыць, а іменна, то адасабляюцца: Загадчыца дзіцячага сада, Баркоўская А.В., адказвае за правядзенне суботніка.
Адасабляюцца таксама прыдаткі з удакладняльным значэннем, якія адносяцца да ўласнага імя і стаяць у постпазіцыі да яго: Баркоўская А.В., загадчыца дзіцячага сада, прапанавала правесці выхаваўчае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня Перамогі.
Два прыдаткі, якія стаяць перад уласным імем, коскамі не аддзяляюцца (доктар медыцынскіх навук_ прафесар Баркоўскі Г.В.), тры і больш – аддзяляюцца (дэкан, доктар медыцынскіх навук, прафесар Баркоўскі Г.В.).
Калі такія і падобныя прыдаткі знаходзяцца ў постпазіцыі да паяснёнага назоўніка – уласнага імя, то яны абавязкова адасабляюцца коскамі: Г.В. Баркоўскі, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
Пунктуацыя мастацкага стылю ў апаведнасці з яго функцыяй, маўленчымі асаблівасцямі вызначаецца разнастайнасцю. Напрыклад, такі знак прыпынку, як шматкроп’е, ужывальны ў ім не толькі для афармлення незавершанасці выказвання ці пры нечаканым пераходзе ад аднаго плана апавядання да другога, а і пры ілюстрацыі настрою персанажа ці самога аўтара (у гэтым выпадку шматкроп’е выступае як экспрэсіўны сродак): А серб хвалюецца: “Шчырэй трэба ўсміхацца. Ты ж рад… ты ж рад… ты дужа-дужа рад… А ў цябе ў руках бярэмя кветак, нясеш ты кветкі… кветкі… квет…” (Я. Сіпакоў). Шматкроп’е ў мастацкім стылі выяўляе эмацыйны і фізічны стан дзейных асоб: Стаміліся… Доўгай… Дарогай… Вечар… Як коршак… Напаў… Хто б ім [дзецям], успомніўшы Бога, Хоць нейкай саломы паслаў, На лаве паслаў? (Я. Сіпакоў).
Мастацкаму стылю ўласцівы так званыя аўтарскія знакі прыпынку, якія дапамагаюць пісьменнікам больш дакладна і эмацыйна перадаць думку. Напрыклад, параўнальныя звароты пры наданні ім асаблівага сэнсу могуць выдзяляцца працяжнікамі, а не коскамі: Прыйдзі – як снег на квецень маю, Прыйдзі – як бура на зямлю, Не страшна мне, бо я – кахаю, Не скрушна мне, бо я – люблю (Н. Гілевіч). Аўтарскім тут з’яўляецца таксама працяжнік паміж дзейнікам, выражаным займеннікам, і выказнікам, выражаным асабовым дзеясловам. Бясспрэчна тое, што аўтарская ўзрушанасць мае асаблівае пісьмовае выражэнне праз пунктуацыю: так чытачу лягчэй будзе адчуць настрой паэта, яго эмоцыі.
У некаторых новых літаратурных жанрах А. Разанава і іншых аўтараў пастаноўка знакаў прыпынку часам не адпавядае агульнапрынятым нормам:
Косяць –
але ні для кога:
такі твой лёс,
трава-гараджанка. (А. Разанаў)
Вагаецца вецце
асенніх дрэў –
і вагае,
аплёўшы сваімі ценямі,
дом. (А. Разанаў)
Дакладнасць маўлення
Дакладнасць – такая камунікатыўная якасць маўлення, якая прадугледжвае адпаведнасць яго сэнсавага боку (плану зместу) адлюстраванай рэчаіснасці і праяўляецца ва ўменні знаходзіць адэкватнае слоўнае выражэнне паняцця. Такім чынам, дакладнасць уяўляе сабой уменне правільна адлюстроўваць рэчаіснасць і правільна выказваць думкі і афармляць іх пры дапамозе слоў [36, с. 134].
Дакладнасць у першую чаргу залежыць ад правільнасці словаўжывання, ад выбару слова, якое найбольш адпавядае названаму ім прадмету ці з’яве, зместу выказвання і яго мэце. Пры выбары слова неабходна ўлічваць яго семантыку, стылістычную прыналежнасць, сферу ўжывання.
Так, напрыклад, назоўнік рэзюмэ ў літаратурнай мове мае значэнне ‘кароткі вывад са сказанага, напісанага’, таму ўжыванне гэтага назоўніка будзе да месца ў кантэксце рэзюмэ аўтарэферата, даклада, артыкула. Часам у маўленні названая лексема выкарыстоўваецца для абазначэння вынікаў дзеянняў, мерапрыемстваў, падзей: рэзюмэ чэмпіяната, турніра, спаборніцтваў (правільна: вынікі чэмпіяната, турніра, спаборніцтваў).
Як слушна заўважае М.В. Абабурка, рускім дзеясловам открывать і закрывать у беларускай мове адпавядаюць розныя лексемы: адчыняць – зачыняць (вароты, дзверы), расплюшчыць – заплюшчыць (вочы), адкаркоўваць – закаркоўваць (бутэльку), расканвертаваць – заканвертаваць (пісьмо), разгортвать – загортвать, згортваць (кнігу, парасон, сшытак) [1, с. 25]. Адценні значэнняў кожнага са слоў уплываюць на спалучальнасць лексем, таму веданне гэтых асаблівасцяў дазваляе зрабіць маўленне дакладным і разнастайным.
Цяжкасці ўзнікаюць пры выбары слова з групы сінанімічных або паранімічных адзінак: Конь залыпаў губамі і пачаў чухаць старому спіну (правільна заварушыў губамі); Уранку старэйшага лейтэнанта выклікалі ў штаб брыгады (правільна старшага лейтэнанта); Я ўчора страціла ключ ад кватэры (правільна згубіла ключ).
М.В. Абабурка таксама звяртае ўвагу на выпадкі неразмежавання значэнняў амонімаў і паронімаў людзьмі, што не клапоцяцца пра культуру свайго маўлення [1, с. 26], таму з іх вуснаў можна пачуць выразаць апендыцыт (правільна выразаць апендыкс), кампасіраваць талон (правільна кампасціраваць талон), скампраментаваць кагосьці (правільна скампраметаваць кагосьці), асабовы погляд, уклад (правільна асабісты погляд, уклад).