ВУЗ: Не указан

Категория: Не указан

Дисциплина: Не указана

Добавлен: 26.09.2025

Просмотров: 2436

Скачиваний: 1

ВНИМАНИЕ! Если данный файл нарушает Ваши авторские права, то обязательно сообщите нам.

СОДЕРЖАНИЕ

А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306

Прадмова

Уводзіны

Тэарэтычная частка

Функцыянальныя стылі

Сучаснай беларускай мовы

Афіцыйна-справавы стыль

Жанры афіцыйна-справавога стылю

Навуковы стыль

Жанры навуковага стылю

Публіцыстычны стыль

Жанры публіцыстычнага стылю

Гутарковы стыль

Стыль мастацкай літаратуры

Жанры мастацкага стылю

Канфесійны стыль

Камунікатыўныя якасці маўлення

Правільнасць маўлення

Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы

Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы

Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы

Правільнасць маўлення: лексічныя нормы

Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы

Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы

Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы

Дакладнасць маўлення

Лагічнасць маўлення

Чысціня маўлення

Дарэчнасць маўлення

13 Сентября 2006 года

Багацце маўлення

Выразнасць і вобразнасць маўлення

Сцісласць маўлення

Практычная частка

Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі

Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.

Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)

Тэксты для аналізу

Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню

Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.

Мнагазначнасць фразеалагізмаў

Габелен і кераміка 90-х...

Самая прыгожая жанчына

Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту

Узоры тэстаў

Спіс літаратуры

Адказы да тэстаў

Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы

Пунктуацыйныя – гэта нормы пісьмовай мовы, якія адлюстроўваюць сінтаксічную аднастайнасць яе афармлення; іншымі словамі – гэта нормы пастаноўкі знакаў прыпынку паміж членамі сказа, паміж часткамі складаных сказаў і г.д. Нягледзячы на тое, што сістэма знакаў прыпынку ў беларускай мове ўпарадкаваная (у сучасным пісьме мы маем дзесяць знакаў прыпынку), у Правілах-2008 перагледжаны і дапоўнены некаторыя правілы іх пастаноўкі. Так, удакладняецца ўжыванне кропкі, пытальніка, клічніка, шматкроп’я, коскі ў простым і ў складаным сказах, кропкі з коскай, двукроп’я, працяжніка, дужак, двукосся, а таксама пастаноўка знакаў прыпынку пры цытатах і простай мове, спалучэнне знакаў прыпынку, паслядоўнасць іх ужывання пры спасылках (прычым кожнаму з пералічаных пунктаў прысвечаны асобны параграф). Безумоўна, культура пісьмовага маўлення асобы прадугледжвае веданне ўсіх гэтых нормаў.

Варта засяродзіць увагу і на тых момантах, якія адлюстроўваюць змены паводле новых правілаў. Так, напрыклад, працяжнік не ставіцца, калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам, а выказнік – назоўнікам у назоўным склоне: Пасівелы мой лес, я твой вечны паклоннік, я твой вечны даўжнік (Я. Сіпакоў). Раней пастаноўка / непастаноўка знака прыпынку ў такой сінтаксічнай канструкцыі залежала інтанацыі.

Не ўдакладняецца ўмова, пры якой працяжнік можа ставіцца ў няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа: Па суседству з Белым возерам знаходзіцца другое – Чорнае (В. Вольскі); Праз шум эшалона прарваўся недалёкі гарматны выбух. Затым яшчэ некалькі – большай сілы (І. Мележ); У цёмным небе – карагоды сіняватых зорак (М. Багдановіч). Мяркуем, што прычына пунктуацыйнай варыянтнасці пры афармленні такіх сказаў застаецца той самай – адпаведная інтанацыя.

Ранейшай застаецца ўмова пастаноўкі коскі пры дапасаваных азначэннях, выражаных прыметнікамі і дзеепрыметнікамі (з паясняльнымі словамі і без іх), – калі яны стаяць перад назоўнікам і маюць дадатковае акалічнаснае адценне (прычыны, уступкі): Узрушаны і выведзены з раўнавагі, старшыня грозна ўшчувае крыкуноў (Я. Колас); Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць (Я. Колас); Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзяліся за працу (Я. Колас). Калі ж дапасаваныя азначэнні не маюць выражанага акалічнаснага значэння, коска можа не ставіцца: Працяты марозам снег хрустка хрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля (Я. Колас).


Выклікае цяжкасці размежаванне слоў, якія ўжываюцца ў ролі мадальных часціц або са значэннем прыслоўя і інш. для выражэння сцвярджэння, узмацнення з адпаведнымі пабочнымі словамі і канструкцыямі, у выніку чаго ўзнікае праблема пастаноўкі коскі. Справа ў тым, што першыя з названых лексем могуць выступаць у ролі пэўных членаў сказа (відаць, здаецца – у ролі выказніка), у ролі злучнікаў (аднак – але) ці ў ролі часціц (бадай – амаль); у кантэксце яны могуць набываць канкрэтную семантыку (напэўна – абавязкова). У такім выпадку словы можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывае, бывала, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа, якая ніколі не адасабляецца), а таксама словы відаць, здаецца, якія ў сказе выступаюць у ролі выказніка, не выдзяляюцца коскамі: Па яе паводзінах відаць было, што дзяўчына мае вышэйшую адукацыю; Будзеш пераходзіць раку ўброд – напэўна [абавязкова] вымакнеш; Бадай [амаль] кожны дзень ідзе дождж; Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай [амаль] праз кожныя дзесяць кіламетраў (З. Бядуля); Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, пакуль зара не прыадчыніць дзверы? (М. Танк); Адтуль відаць адразу пяць азёр (Я. Брыль); Часамі Лабановічу здавалася, што вынікі дасягнуты нязначныя (Я. Колас).

Аднак коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і канструкцыі, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, відавочна, відаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусіць, няйначай, бадай, знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як відаць, па ўсім відаць, можа быць, чаго добрага, таго і глядзі, само самой разумеецца і інш. Такія словы і выразы служаць для выражэння адносін апавядальніка да зместу выказвання: яны могуць выражаць упэўненасць, няўпэўненасць, розныя пачуцці, паказваюць на крыніцу паведамлення, на сувязь думак і г.д.: І я, безумоўна, шчаслівы і рад, што добра зародзіць густая пшаніца (П. Глебка); Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі (Я. Колас); Захар Крымянец зірнуў на зоркі, падумаў пра мароз, які, няйначай, збярэцца да раніцы (М. Лынькоў); Але расстацца нам час наступае; пэўна, ужо доля такая ў нас (М. Багдановіч); Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае (Я. Брыль); Не можа быць, канечне, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака (У. Караткевіч); Адразу пасвятлела. Відаць, ужо ўзышло сонца (І. Мележ); Як радасна, бывала, ён сустракаў Вялікдзень (Я. Колас).


Трэба памятаць, што коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія служаць сродкамі сувязі асобных частак выказвання і ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне ці аб’яднанне частак тэксту, на выражэнне выніку, заключэння і пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе і інш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсі, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасці, між іншым, між тым, да таго ж, такім чынам, галоўным чынам, па крайняй меры і інш.: Турсевіч – гэта мой настаўнік і мой зямляк, прынамсі, аднае воласці (Я. Колас); Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я. Брыль); Спазніліся, аднак, на вялікае спатканне, трэба было раней (В. Быкаў); Мікола быў, між тым, дома (К. Чорны); З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік… (Я. Колас); Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе (В. Быкаў); Такім чынам, усе няяснасці, сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся (Я. Колас).

З пералічаных вышэй слоў некаторыя (напрыклад, між тым, тым не менш, да таго ж) могуць выконваць ролю злучніка і адпаведна коскай не аддзяляцца, калі ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткі складанага сказа: У вас на мястэчка многа сілы не патрабуецца, між тым вялікая патрэба ў людзях (Ц. Гартны); На дварэ ноч. Між тым спаць не хочацца (І. Мележ); Тым не меней ён [Лабановіч] устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына (Я. Колас); Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў (Я. Колас).

Як відаць, лексічныя з’явы аманіміі і мнагазначнасці ў сінтаксісе абцяжарваюць пастаноўку знакаў прыпынку, аднак вызначэнне семантыкі слова, удакладненне яго пазіцыі ў сказе заўсёды дапаможа акрэсліць “пункт” адасаблення. Словы і выразы, якія звязваюць часткі выказвання, указваюць на крыніцу паведамлення, на аўтарскае меркаванне, надзвычай запатрабаваныя ў навуковым і афіцыйна-справавым стылях, таму веданне моўных нюансаў пры адасабленні такіх выразаў ілюструе дасведчанасць асобы, яе адукаванасць. У названых стылях шырока ўжываюцца, адасабляючыся, таксама словы і спалучэнні слоў, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх ці наступных слоў, далучаючыся да іх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым ліку, у тым ліку і, апрача (апроч), акрамя, амаль, за выключэннем, галоўным чынам, гэта значыць, так званы, або, ці (у значэнні “гэта значыць”), асабліва, нават, напрыклад, як, у прыватнасці, і ў прыватнасці, і прытым і інш. Напрыклад: У дзесятак самых ужывальных у горадзе імён, акрамя прыведзеных, увайшлі таксама Андрэй, Грыгорый, Багдан, Васіль, Міхаіл, Сямён, Сцяпан, Якаў; Антрапонімы, у аснове якіх апелятыў бачкар, бытуюць у асноўным у Чашніцкім р-не, прычым на той жа тэрыторыі, што і ўтварэнні ад бондар; Апелятывы бачкарнік і бачар, якія ў “Лексічным атласе…” нават не ўзгадваюцца, таксама сустракаем у прозвішчах жыхароў Чашніцкага (Бачараў), Дубровенскага (Бачарэнка) і Полацкага (Бачкарнікаў) раёнаў (з дысертацыі).


Пры пунктуацыйным афармленні складаных сказаў таксама існуе шэраг нюансаў, на якіх варта спыніцца. Напрыклад, у сітуацыі, калі даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнікаў (перш чым, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, ад таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязі з тым што і інш.), то коска ставіцца паміж даданай часткай і галоўнай, калі даданая пачынаецца такім злучнікам і стаіць перад галоўнай (злучнік не разрываецца). Напрыклад: З той пары як пайшлі на аблаву, цягнецца іх паляванне да сённяшніх дзён (А. Куляшоў); Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучыць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з малых гадоў (Я. Колас); Па меры таго як неба святлела, цемра змянялася рэдкім лёгкім змрокам… (І. Мележ).

Калі ж даданая частка стаіць пасля галоўнай, то коска ставіцца або перад другой часткай састаўнога падпарад­кавальнага злучніка, або перад гэтым злучнікам у поўным яго складзе ў залежнасці ад сэнсу: Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М. Танк); Бабка была спагадлівая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут і нягод (Ю. Пшыркоў).

У навуковай і вучэбнай літаратуры не надаецца належная ўвага пунктуацыйнаму афармленню складаназлучаных сказаў, калі іх часткі з’яўляюцца безасабовымі (аднароднымі па значэнні), няпэўна-асабовымі або намінатыўнымі сказамі, а таксама калі маюць форму пытальных, пабуджальных ці клічных сказаў: Цішыня і прастор; Колькі радасці і колькі захаплення!

Пры вывучэнні чысціні маўлення разглядаецца такая моўная з’ява, як словы-паразіты; цікава ведаць, што яны на пісьме адасабляюцца (безумоўна, выкарыстанне іх – маўленчая загана, аднак пры стылізацыі мовы персанажаў ужыванне іх магчымае). У Правілах-2008 адносна іх адзначаецца наступнае: коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія не маюць уласна сінтаксічнага значэння і ўводзяцца ў сказ без якой-небудзь матывацыі: гэта, гэта самае, ну, вот, само сабой, знацца, значыцца, стала быць, так сказаць, брат ты мой, тудэма-сюдэма, каліна-маліна і інш.: Зусім не тое выйшла, зусім не тое, што трэба было нашай, значыцца, вёсцы (М. Лынькоў); Проста, ну, сімпатызуюць адзін другому маладыя, хіба ж ім і не пагаварыць, хіба ж ім і не пасмяяцца (М. Лынькоў); Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! (Я. Купала); Чаго яны, каліна-маліна, там? (І. Мележ).


Пільнай увагі патрабуе афармленне цытат на пісьме, паколькі менавіта чужая мова служыць сродкам стварэння дакладнасці, выразнасці, багацця маўлення. Існуе шэраг правілаў, з дапамогай якіх можна бездакорна аформіць дакладныя вытрымкі з чыіх-небудзь выказванняў. Напрыклад, у дужкі бярэцца прозвішча аўтара або прозвішча аўтара і крыніца (назва твора), з якой прыводзіцца цытата: Каля пасады лесніковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокі лес цяністы (Якуб Колас. “Новая зямля”). Калі ж спасылка на аўтара ці на аўтара і крыніцу змяшчаецца асобна ўнізе пад тэкстам, тады ў канцы тэксту (цытаты) ставіцца кропка ці іншы адпаведны знак прыпынку (пытальнік, клічнік, шматкроп’е) і спасылка ў дужкі не бярэцца:

Любіце сваю зямлю аддана і да канца. Іншай нам не дадзена, дый не трэба.

У. Караткевіч.

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстра паэтычнай формы. …Тое, што напісаў ён за сваё кароткае жыццё, ставіць яго ў першыя рады нашых лепшых песняроў.

Якуб Колас. “Выдатнейшы паэт і крытык”.

Пасля ўстаўной канструкцыі (перад закрывальнай дужкай) ставіцца пытальнік, клічнік або шматкроп’е, якія патрабуюцца кантэкстам, а кропка не ставіцца. Напрыклад,

Быў узгорак, так як бубен, але Ціт пасеяў лубін, дык (ці веры вы дасце?), як чарот жытцо расце (Кандрат Крапіва).

Змітрок (добры ён хлопец!) чытае розную літаратуру (В. Каваль).

І толькі школа (а я адразу ўбачыў яе і беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамі, бліжэй да лесу (Іван Шамякін).

Пры афармленні цытат трэба звярнуць увагу на пастаноўку знакаў прыпынку менавіта ў канцы сказа: канцавая кропка можа ставіцца як перад дужкай, у якой указана прозвішча аўтара, так і пасля яе, аднак не да і пасля яе, як часта можна назіраць у недасканала аформленых моўных крыніцах.

Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем паэзіі. (ЛіМ)

Тварэц мовы – народ. Задача ж пісьменніка – у фарміраванні, адборы лепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных нормаў. Як бачым, задача немалая. Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную_ (Якуб Колас. “Развіваць і ўзбагачаць родную мову”).