ВУЗ: Не указан
Категория: Не указан
Дисциплина: Не указана
Добавлен: 26.09.2025
Просмотров: 2416
Скачиваний: 1
СОДЕРЖАНИЕ
А.М. Багамолава, г.К. Семянькова стылістыка і культура беларускага маўлення
Прыкладны парадак лінгвастылістычнага аналізу тэксту………………………………………...306
Жанры афіцыйна-справавога стылю
Камунікатыўныя якасці маўлення
Правільнасць маўлення: арфаэпічныя нормы
Правільнасць маўлення: акцэнтныя нормы
Правільнасць маўлення: арфаграфічныя нормы
Правільнасць маўлення: лексічныя нормы
Правільнасць маўлення: марфалагічныя нормы
Правільнасць маўлення: сінтаксічныя нормы
Правільнасць маўлення: пунктуацыйныя нормы
Выразнасць і вобразнасць маўлення
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Практыкаванне186. Прачытайце верш. Знайдзіце словы, якія негатыўна ўплываюць на чысціню мовы.
Мыюцца і кацяняты. (а. Кавалюк)
Малітва пры ўваходзе ў сьвятыню
Паводле іоана сьв. Эвангельле. Разьдзел 1.
Практыкаванне 54. Прачытайце тэксты на адну і тую ж тэму, напісаныя ў розных стылях, назавіце іх падстылі і жанры, параўнайце моўныя асаблівасці.
1. Якая прычына, што Максім Багдановіч астаецца для нас ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі беларускай літаратуры?
Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён – самотнай зоркай, якая вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа і ад сузор’я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сваіх – але ўсё ж палала наводдаль.
Іншыя нарадзіліся ва ўлонні свайго народа, чулі ўвесь час яго мову, усмакталі яе з малаком маці і з вадою беларускіх крыніц. Гэты – чуў ад лічаных людзей. Ён большую частку свайго жыцця не бачыў радзімы, а калі бачыў, то спустошаную вайной, няшчасную, знявечаную і збрыджаную. Убачыў, каб адразу ж самотна памерці наводдаль ад яе.
Іншыя, можа, больш зрабілі. Але трагізм і веліч гэтага кароткага жыцця, пагрозная і шчымлівая яго нота – глыбей закранаюць наша сэрца. Мы супакутуем яму, і таму ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой.
I адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння.
Па-другое, гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумленне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю, адметную, незалежную думку. Без гэтага называцца чалавекам не мае права ніхто. І вось ён, незайманы, кінуў нас, астаўшыся ў сэрцах нашых найвышэйшым прыкладам такога вось Чалавека… (У. Караткевіч, эсэ “Летапісец”)
Дзень нараджэння будучага паэта – 9 снежня (па н.ст.), год – 1891. У Мінску, аднак, сям’я Багдановічаў пасля нараджэння сына Максіма жыла толькі паўгода. Пераехалі ў Гародню, у якой таксама вельмі надоўга сям’я Багдановічаў не затрымалася. Прычынай стала заўчасная смерць маці паэта, у 1896 г. Развітанне з магілай маці стала для будучага паэта і развітаннем з Радзімай, з Беларуссю – развітаннем надоўга, аж да лета 1911 г., калі ён наведае Віленшчыну, Маладзечаншчыну, да кастрычніка 1916 г., калі прыедзе ў Мінск, каб пражыць у ім усяго пяць месяцаў.
Народжаны над Свіслаччу, калыханы гарадзенскімі хвалямі Нёмана, паэт і маленства, і ўсе свае юначыя гады правёў далёка ад іх – на Волзе. Вучыўся Максім Багдановіч у гімназіях Ніжняга Ноўгарада і Яраслаўля, вышэйшую адукацыю атрымаў у Яраслаўлі, скончыўшы Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. У Мінску працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. У лютым 1917 г. цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту, дзе 25 мая 1917 г. памёр і быў пахаваны.
Кароткім быў жыццёвы шлях Максіма Багдановіча, яшчэ карацейшым – творчы: першы яго друкаваны твор (алегарычнае апавяданне “Музыка”) з’явіўся ў газеце “Наша ніва” ў 1907 г., першы і адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў паэта “Вянок” выйшаў у Вільні ў 1913 г. Толькі сапраўды дзякуючы сваёй геніяльнай адоранасці ў такіх часава вузкіх рамках гісторыі Максім Багдановіч і здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг – стаць побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам першай зоркай на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі пачатку ХХ ст., быць лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам. (А. Лойка, артыкул “Паэт нараджаецца не аднойчы”)
Практыкаванне 55. Прачытайце тэксты. Акрэсліце іх стыль, сферу выкарыстання. Якім тэкстам і чаму найбольш уласціва афіцыйнасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, а якім суб’ектыўнасць, эмацыянальнасць? Прааналізуйце мову ўрыўкаў, звяртаючы ўвагу на стылістычную афарбоўку слоў, наяўнасць/адсутнасць вобразных сродкаў, будову сінтаксічных канструкцый. Дакажыце, што змест і мэтанакіраванасць выказвання ўплываюць на выбар моўных сродкаў.
Усведамляючы важнасць прафесійнай дзейнасці ў сферы стварэння, захавання і распаўсюджвання ў грамадстве інфармацыі, члены Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі прапануюць усім бібліятэкарам і спецыялістам, якія працуюць у гэтай сферы, у сваёй прафесійнай дзейнасці прытрымлівацца “Кодэкса прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі”.
Кодэкс прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі
Забяспечваць высокі ўзровень абслугоўвання, ствараць умовы для раўнапраўнага, свабоднага і камфортнага доступу карыстальніка да інфармацыйных рэсурсаў.
Захоўваць духоўныя каштоўнасці і спрыяць развіццю нацыянальнай культуры.
Паважаць чалавечую годнасць і прытрымлівацца агульначалавечых прынцыпаў маралі, плюралізму ідэй, прынцыпаў інтэлектуальнай і інфармацыйнай свабоды.
Прызнаваць і з павагай адносіцца да інтэлектуальнай уласнасці.
Забяспечваць аператыўнасць, паўнату і аб’ектыўнасць інфармацыі, якая падаецца карыстальніку.
Аддзяляць прафесійныя абавязкі ад уласных інтарэсаў, імкнуцца да таго, каб уласныя перакананні не перашкаджалі свабоднаму доступу карыстальніка да інфармацыі.
Абараняць права карыстальніка на канфідэнцыяльнасць звестак пра яго асобу і інфармацыйныя запыты.
Імкнуцца да бездакорнага выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Ставіцца да карыстальнікаў бібліятэк з павагай і добразычлівасцю.
Лічыць сябе членамі прафесійнай супольнасці і ставіцца да калег па рабоце справядліва і з павагай, абараняць іх правы.
Абменьвацца ведамі і вопытам, садзейнічаць аўтарытэту сваёй прафесіі і клапаціцца пра яе высокі статус.
Рада беларускай бібліятэчнай асацыяцыі лічыць, што выкананне “Кодэкса прафесійнай этыкі бібліятэкара Беларусі” з’яўляецца маральным абавязацельствам і прафесійным абавязкам кожнага бібліятэкара і пастараецца забяспечыць падтрымку калегам, якія сутыкнуліся з праблемамі ў рэалізацыі выкладзеных прынцыпаў. (з часопіса)
2. Духоўная культура беларускага народа знайшла сваё адлюстраванне ў фальклоры, песенным, харэаграфічным і музычным мастацтве. Значны ўклад у сусветную скарбніцу народнай мудрасці ўнёс беларускі фальклор – багаты, разнастайны, шматгранны і самабытны, які ствараўся на працягу нашай тысячагадовай гісторыі, але найбольшага росквіту ён дасягнуў у разглядаемы перыяд.
Мудрасць народа, яго працавітасць, жыццёвы і гаспадарчы вопыт паказаны ў вуснай народнай прозе, якая прадстаўлена шматлікімі жанрамі – гэта казкі, міфы, легенды, паданні, сказы, апавяданні, бываліцы, прыказкі, прымаўкі, загадкі, анекдоты, жарты, гумарэскі і інш.
Вельмі багатая ў беларусаў і вусная народная паэзія, якая захавалася і дайшла да нашых дзён у асноўным у выглядзе народнай песні. Як пісаў выдатны збіральнік беларускай песні Рыгор Шырма, па народнай песні можна пазнаць цэлую нацыю, яе характар і душу. У гэтым сэнсе багацце беларускай народнай песні бязмернае: вяселле ці пахаванне, хрэсьбіны ці заручыны, кожнае свята ці абрад, кожная пара года – не абыходзяцца без сваіх адметных спеваў. Беларуская народная песня заўсёды ясная, пластычная, часцей засмучаная, чым рэзвая і гуллівая. З боку настрояў, мелодыі і рытмаў яна вельмі самабытная: у музычных адносінах адрозніваецца мяккасцю, цеплынёй, шчырасцю. Народныя песні падзяляюцца на абрадавыя і пазаабрадавыя – гістарычныя, антыпрыгонніцкія, сямейна-бытавыя і інш.
З народнай песняй цесна звязана народная музыка, якая ахоплівае ўсе бакі жыцця чалавека – абрадавыя дзействы, калядаванне і шчадраванне, хаджэнне валачобнікаў на Вялікдзень, купальскія карагоды, якія заўсёды суправаджалі музыкі. Яны выкарыстоўвалі розныя тыпы музычных народных інструментаў – гуслі, цымбалы, ліру, дудку, мандаліну, трубу, гармонік і інш.
Народны танец, як і народная песня і музыка, адлюстроўваў жыццё, побыт і працоўную дзейнасць чалавека, увасабляў яго нацыянальны характар, але ўжо ў пластычнай, харэаграфічнай форме. Танцы ў беларусаў пераважна парнамасавыя – Лявоніха, Мікіта, Млынок, Жабка, Таўкачыкі і інш. Беларускі фальклор настолькі багаты, што спатрэбілася б не адна кніга, каб яго апісаць. (М. Саўко, М. Бобер, В. Карнацкая)
Час няўмольны ў сваёй хадзе, а асабліва хуткаплынны паслячарнобыльскі. Вось ужо на календары 2001 год: 15 гадоў з дня катастрофы, якая, у гэтым сёння ніхто не сумняваецца, стала катастрофай мінулага стагоддзя. Ды і наўрад ці нешта падобнае па сваёй разбуральнай сіле, яе наступствах было на працягу двух тысячагоддзяў, што адносяцца да нашай эры. А яшчэ раней, магчыма, і было. Прынамсі, катастрофа, звязаная са знікненнем цэлага мацетрыка, які цяпер называем Атлантыдай, а ў існаванні яго вучоныя ўсяго свету ўсё больш упэўнены.
Ды то адбылося вельмі і вельмі даўно. А Чарнобыльская катастрофа – гэта радок з біяграфіі і кожнага з нас. Незалежна ад таго, калі чалавек нарадзіўся: у чарнобыльскую эру ці ў паслячарнобыльскую. Ці, увогуле, напаткаў гэтае няшчасце ў сталым узросце. Нам пастаянна памятаць пра тое, што адбылося. І жыць не толькі спадзяваннямі на лепшае, а і з усведамленнем, што ніхто не ведае, як павернецца яго лёс у гэты час, калі "мірны атам" ператварыўся ў злавесную сілу. Гэта не значыць, што трэба панікаваць. Аднаго нельга забываць: у прыродзе, у свеце ёсць узаемасувязі, патлумачыць якія наўрад ці калі-небудзь удасца. Гэта тычыцца і Чарнобыля. Канечне, адбылася найвялікшая тэхнагенная катастрофа, але як быць з той палыновай зоркай, што абавязкова павінна была ўпасці на Зямлю?(А. Марціновіч)
Быў самы ранак, час, калі пачынае сыходзіць з зямлі туман і з туману, паступова разгортваючы сваімі промнямі яго заслону, выходзіць сонца. Яно не грэе. Цьмянае сонцава кола кружыцца за туманавай заслонай над самымі балотамі і вільготнай мякаццю яго сцірае з сябе санлівасць. Туман радзее, а сонцаў круг усё чысцей, усё яскравей і рухавей. Пакуль сонца ў тумане, сабраная ў кроплі раса нерухома трымаецца на мураве і колер муравы мутнавата-зялёны. Птушкі не спяваюць яшчэ, а як бы пераклікаюцца адна з другой пасля ночы. Як толькі ўзнімецца ўгору абмытае росамі сонца, а туман пачне адплываць за асмялеўшым ветрам на ўсход, як бы згаварыўшыся, разам пачнуць свой ранішні спеў птушкі, і густалісты асіннік і бярэзнік заварушацца, гойдаючы тонкімі верхавінкамі, падстаўляючы гнуткія свае галіны пад лёгкія і ўчэпістыя птушыныя ногі. Варухнецца мурава пад ветрам і заіскрыцца расой. Залочанымі пырскамі будзе ўзлятаць з-пад ног раса, збітая з муравы, а прымятая нагамі мурава будзе павольна падымацца насустрач сонцу.(П. Галавач)
5. «Мая мацер з Палесся. Палессе – ета туды, пад Тонеж. У яе сясцёр і братоў там багата було, мо дзесяцера. Меншы брат Ян зваўся. Во за лесніка з маладых год буў. То от шо з етым маім дзядзькам адзін год прыключылася. Пайшоў вон на Купалнага Йвана з ружжэм у лес, думаў, яку дзічыну ўбіць – мо кабана, мо лася, мо мядзведзя. Пайшоў рана, сонейка не ўставала. Ціхенька йдзе па лесу, звера цікуе. Вуйшаў к Сіверскаму балоту, йдзе паўз яго памалу. І на балоце, і ў лесе ціха. Ідзе-йдзе. Аж раптам шо-та ему зробілася. Хоча йці далей, да не можа, як бу дзеравянее. Нешча не пускае яго далей йці, на балота заварачае да цягне. Не хоча йці, баіцца, дрыжыкі бяруць, а йдзе. З купіны на купіну ступае, скача. Да ўсё хутчэй, як бу завод які ў ём стаў, усё далей на балота. Балота тэ вялікае. Пасярод яго возера е, пасярод возера – востраў з купін, на востраве – куст адзін кала вады рос. Вуйшаў дзядзька к таму возеру. Раненька шчэ було, як бу туман возера аблягаў. Бачыць вон цераз туман той востраў, а на востраве – русаўкі, з крыламі, без сарочак, голыя, косы русыя па пояс. Пабраліся ў круг да танцуюць з падскокамі. А адна сядзіць пад кустом кала самае вады, у воду глядзіца да косы расчэсае. Косы расчэсае да пазірае ў дзядзькаў бок. І здалося яму, што вана заўлякае яго, да сабе заве. Страхоцце на дзядзьку нашло, вубраўся вон з балота, а як – не помніць. Спужаўся моцна. Цяпер русавак там ніхто не бачыць. Ці то ваны е, да не паказваюцца людзям, ці то звяліся. Мабуць, звяліся».(Тураўскі слоўнік)
Практыкаванне 56. Прачытайце два тэксты на адну і тую ж тэму. Запішыце тэксты па-беларуску і падкрэсліце ў іх словы з рознай стылістычнай афарбоўкай – кніжн., размоўн., праст. У чым адметнасць мастацкага і дакладнага перакладу? З якога тэксту мы найбольш даведваемся пра калядаванне? Ад якога тэксту чытач атрымлівае найбольшае эстэтычнае задавальненне? Чаму?
Колядование р., Калядаванне б., Колядування у. – святочный обряд посещения домов группами участников (колядовщиков, колядников), которые поздравляли хозяев и исполняли колядные песни (см.), получая за это вознаграждение в виде продуктов или денег. Обряд совершался поздним вечером (рождественское колядование)или ранним утром (новогоднее колядование) с целью обеспечения достатка и благополучия хозяев дома. Приблизившись к дому и получив от хозяев разрешение, колядовщики (см.) исполняли во дворе под окнами благопожелание (см.) или колядку, адресованную всей семье в целом, после чего им выносили "колядный дар" (хлебные изделия, продукты), они же произносили благодарственные формулы и шли к следующему дому (колядование обобщённого типа). В украинско-белорусской зоне более типичным было исполнение специальных колядных песен в адрес каждого члена семьи (колядование дифференцированного типа). Такой развёрнутый обряд обычно происходил в доме и сопровождался музыкой, танцами, совместным угощением. При отказе одарить или при плохом одаривании в адрес хозяев могли произноситься формулы угроз и проклятий. Наряду с исполнением колядок и благопожеланий разные формы К. могли сопровождаться магическими действиями ("посевание" зерном, щёлканье бичом, битьё ветками и др.) или разыгрыванием драматизированных сценок фольклорного или религиозного характера (см. Маска, "Коза", Драма рождественская). (словарь)